Двухпавярховы асабняк 1928 года пабудовы з тэнісным кортам і паркам прадалі на аўкцыёне з другой спробы. Уладальнікам стаў пакупнік з Расіі, за асабняк ён аддаў $78300 (235 681 руб.).
Пакупнік як фізасоба набыў дом, каб развіваць аграэкатурызм. Ён быў адзіным пакупніком на аўкцыёне.
Па ўмовах здзелкі, у новага ўладальніка ёсць год, каб запусціць праект у працу. Профіль аб’екта дазволена мяняць ад гасцініцы да спартыўнага або гандлёвага цэнтра.
Асабняк ужо спрабавалі прадаць на аўкцыёне ў жніўні 2026. Кошт лота складаў 345 782 руб., але пакупнік так і не знайшоўся. Да другіх таргоў кошт урэзалі.
Тэнісны корт і скульптуры: што цікавага ёсць на тэрыторыі асабняка?
Асабняк агульнай плошчай 271, 7 кв. м. капітальнага рамонту не патрабуе: падмурак, сцены з сілікатнай цэглы, драўляныя перакрыцці і сталёвы дах захаваліся з моманту пабудовы.
Сядзіба абсталявана камунікацыямі – працуюць электрычнасць, вадаправоды і мясцовая каналізацыя.
Плошча ўчастка – каля 170 сотак. Тут, акрамя сядзібы, ёсць дзве майстэрні, альтанка, навес, калодзеж і тэнісны корт. Уздоўж прагулачных дарожак захаваліся разныя драўляныя лаўкі і скульптуры, створаныя мясцовым майстрам Віктарам Епачэнцавым.



Ад школы да базы адпачынку: гісторыя сядзібы
Раней на тэрыторыі сядзібы знаходзілася вёска Малыя Сцепанішкі, якая згадвалася яшчэ ў хроніках ВКЛ у 1557 годзе.
У канцы XIX мясцовымі маёнткамі валодалі Аляксандр Фаворскі і Здзіслаў Калантай, а ў 1920 гады тут і з’явіўся цяперашні сядзібны дом з паркам і садам. Архітэктура асабняка спалучае ў сабе закапанскі стыль і элементы неабарока.
Пры савецкай уладзе ў былым асабняку працавала школа. Пазней комплекс перайшоў на баланс Мастоўскага ЖКГ, і там адкрылі аграсядзібу “Явар”, а ў 2014 годзе – спартыўны клуб “Камунальнік”.
Ад базы адпачынку ўнутры засталіся абсталяваная кухня, гасцёўня з камінам, зала-трансформер для банкетаў на першым паверсе і спальні з санвузламі на другім.
Чытайце таксама: Пад Мастамі мужчына ператварыў стары свіран у гасцявы дом. На аднаўленне пайшлі ўсе назапашванні



