Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы 29 траўня 2023 ўвяло санкцыі супраць 365 асобаў, якія звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. У спісе 159 дэпутатаў, 76 суддзяў, 32 прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, 28 сілавікоў, а таксама сем пракурораў і супрацоўнікі дзяржаўных медыя, якія займаюцца прапагандай. Hrodna.life паглядзеў, хто са звязаных з Гроднам людзей патрапіў пад польскія санкцыі.

Паводле МУС Польшчы асобы, якія патрапілі пад санкцыі, займаюцца легітымацыяй і падтрымкай рэпрэсіўнай палітыкі рэжыма Аляксандра Лукашэнкі і нясуць адказнасць за палітычны пераслед грамадзян, у тым ліку за вырак гродзенскаму журналісту Анджэю Пачобуту. Асобася якія патрапілі ў санкцыйны спіс забароняць уезд у шэнгенскую зону, а таксама заблакуюць рахункі.

Хто патрапіў пад санкцыі

  • Юрый Караеў - памочнік Аляксандра Лукашэнкі - інспектар па Гродзенскай вобласці;
  • Алена Патапава — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі;
  • Лілія Кір'як — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі;
  • Андрэй Ярошык — кіраўнік 9-га упраўлення ГУБАЗіК па Гродзенскай вобласці;
  • Іван Ціхан — спартовец, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выказваўся ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі;
  • Алег Раманаў - кіраўнік партыі «Белая Русь». Да сакавіка 2021 года быў першым прарэктарам ГрДУ імя Янкі Купалы. Потым быў рэктарам Полацкага ўніверсітэта;
  • Ігар Гедзіч — дырэктар Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, дэпутат Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі;
  • Віктар Лісковіч — старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі. Раней быў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама;
  • Дзмітрый Разянкоў - кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама;
  • Дзмітрый Бубенчык — суддзя, якія асудзіў Анджэя Пачобута да васьмі гадоў зняволення;
  • Ігар Папоў - кіруючы справамі Гродзенскага аблвыканкама;
  • Валянцін Байко — член Савета Рэспублікі, уладальнік кампаніі «Контэ Спа». У снежні 2016 атрымаў крэдыт ад польскага дзяржаўнага банка на будаўніцтва ГЗК Triniti. У 2022 годзе патрапіў пад канадскія санкцыі з-за вайны ва Украіне.

Польшча не толькі ўвяла санкцыі, але і закрыла мяжу

У межах ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі з 1 чэрвеня 2023 года Польшча закрые мяжу з Беларуссю для беларускіх і расійскіх грузавікоў. Адпаведнае рашэнне прыняла Міністэрства унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Закрыццё мяжы тлумачаць пытаннямі «забеспячэння грамадскай бяспекі». Забарона на ўезд у Еўрасаюз расійскіх і беларускіх грузавікоў існавала і раней, але некаторыя фуры маглі праязджаць па спецыяльных прапусках. Іх маглі атрымаць фармацэўтычныя, медычныя, сельгаспадарчыя кампаніі.

Раней Польшча закрыла памежныя пункты пропуска «Кузніца» (у лістападзе 2021) і «Баброўнікі» (у лютым 2023).