Незаконны абарот крыптавалюты, праца таксі без рэгістрацыі і абарот лому каляровых металаў сталі самымі папулярнымі відамі незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе.
На чым нелегальна спрабуюць зарабіць гродзенцы
За першае паўгоддзе 2024 года Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў 295 адміністрацыйных спраў. З іх 195 — па незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.
Абарот крыптавалюты маладымі, а часам і непаўнагадовымі людзьмі — адзін з самых папулярных відаў нелегальнага заробку ў вобласці. У топ таксама трапілі праца таксі без рэгістрацыі ў якасці ІП і незаконны абарот лому каляровых металаў, расказаў старшыня Эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс Валдайцаў, піша БелТА.
Згодна з Дэкрэтам № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» ад 2017 года, для пакупкі і продажу крыптавалюты можна выкарыстоўваць толькі крыптабіржы, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Іншы абмен крыпты, напрыклад, наўпрост паміж карыстальнікамі, забаронены.
Чытайце таксама: Амаль 250 000 рублёў праз суд забралі ў гродзенскіх крыптавалютчыкаў
Пачалі часцей звяртацца ў суд з-за праблем на мяжы
За першыя шэсць месяцаў 2024 года ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці трапіла 2220 зваротаў. Усё часцей звяртаюцца па справах транспартнай экспедыцыі з-за напружанай сітуацыі на мяжы.
— Ускладнілася лагістыка, усталі праблемы з перасячэннем дзяржаўнай мяжы, адпаведна прадпрыемствы, перавозчыкі, экспедытары. Яны або затрымліваюцца на мяжы, не могуць своечасова даставіць давераны ім груз, адпаведна гэта можа пацягнуць як штрафныя санкцыі, так і іншыя меры. Так часам і ўвогуле не дастаўляюць яго, паколькі межы зачыненыя, — цытуе Дзяніса Валдайцава тэлеканал «Гродна Плюс».
Колькі ў вобласці банкрутаў
За першую палову 2024 года ў эканамічны суд паступілі 31 заява аб банкруцтве і дзве аб неплацежаздольнасці. У параўнанні з мінулым годам колькасць такіх зваротаў зменшылася на 45%.
Адно з прадпрыемстваў-банкрутаў — сетка крамаў «Остров чистоты и вкуса». Галаўное прадпрыемства гэтай фірмы зарэгістравана ў Іўеўскім раёне.