Цяпер торфабрыкетным заводам у Верцялішках валодае кампанія, якая вырабляе корм для жывёл. Магчыма, для вытворчасці яна і будзе выкарыстоўваць тэрыторыю. Яго прадалі праз паўтара года.

Да гэтага завод быў на балансе «Гроднааблгаз». На таргі заявіліся пяць удзельнікаў, паведамляе «Перспектыва».

Лот уключаў комплекс будынкаў і абсталявання. Сярод іх — пяціпавярховы брыкетны цэх 1959 года пабудовы з прыбудовамі, будынак заводакіраўніцтва, мехмастэрскай, лінія па перапрацоўцы драўняных адходаў 2013 года і лінія па транспарціроўцы і адгрузцы тарфяной сушонкі, пабудаваная ў 2016-м, масластанцыя 2014 года, склад запчастак і іншае.

Таргі праходзілі на электроннай гандлёвай пляцоўцы «БУТБ-маёмасць». Стартавы кошт за ўвесь комплекс пачынаўся ад 4 400 рублёў. За дзве гадзіны кошт вырас да 1 212 420 рублёў.


Торфабрыкетны завод запусцілі ў 1959 годзе. Спачатку торф здабывалі побач на радовішчы, пазней — на балоце Святое. У 2008 годзе завод уключылі ў склад «Гроднааблгаза». Прадпрыемства закрылі на мадэрнізацыю. Да 2012 года завод стаў стратным. Пад торфаздабычу хацелі асушыць яшчэ 200 га Святога балота, але землі трапілі пад тэрыторыю заказніка «Азёры».

Пасля ліквідацыі завода засталася частка былой торфавознай дарогі - вузкакалейная чыгунка ў Азёрах. Яе вырашылі захаваць для развіцця турызму.

Чытайце таксама: «Чыноўнікі занятыя іншым». Як трэба аднаўляць балоты ў Беларусі і чаму гэта — уклад у ахову здароўя і бяспеку