Будынак былога аэрапорта з дыспетчарскай вежай каля Юбілейнага возера ў Гродне выставілі на аўкцыён трэці раз. Паўторна спрабуюць прадаць і будынак былога Цэнтра пазашкольнай працы «Прамень». Аўкцыён па абодвух лотах пройдзе 9 верасня.
Былы аэрапорт патаннеў на 80%
Упершыню будынак былога аэрапорта з дыспетчарскай вежай выставілі на аўкцыён у чэрвені 2022. Цягам 2023 года яго спрабавалі прадаць чатыры разы — кожны раз з паніжэннем цаны. Напрыклад, у ліпені 2023 былы аэрапорт паспрабавалі прадаць за 466 167,16 руб. А ў снежні цана знізілася ўжо да 298 тыс. рублёў.
Сёлетні аўкцыён адбудзецца 9 верасня — інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Гродзенскага аблвыканкама. У параўнанні з першым аўкцыёнам стартавая цана знізілася на 80% — за будынак просяць 129 367,16 руб.
Адміністрацыйны будынак былога аэрапорта з дыспетчарскай вежай знаходзіцца на вуліцы Суворава, 167А. Яго агульная плошча — 644,2 кв.м. Там ёсць склеп і склад. Незвычайная дэталь — зашклёная дыспетчарская вежа на даху. Да будынка прылягае заасфальтаваная тэрыторыя плошчай амаль 705 кв.м.
Паводле ўмоваў аўкцыёну будучы ўладальнік павінен рэканструяваць будынак пад аб’ект адміністрацыйна-гандлёвага прызначэння: за год трэба зацвердзіць праект рэканструкцыі, капітальнага рамонту ці мадэрнізацыі нерухомасці. Увесці аб’ект у эксплуатацыю неабходна не пазней за тры гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу.
Былы «Прамень» страціў у цане 30%. Яго прадаюць пад гатэль
Былы будынак Цэнтра пазашкольнай працы «Прамень» на вуліцы Гарнавых, 5 выстаўляюць на аўкцыён трэці раз.
У красавіку 2024 года пачатковая цана за права арэнды на 50 гадоў цаглянага будынка 1945 года пабудовы плошчай амаль 1,5 тыс. кв. м. складала 1 854 406 рублёў. Праз некалькі месяцаў лот патанней на 20% - да 1,49 млн.
На будучым вераснёвым аўкцыёне стартавая цана будынка — 1 308 411,84 руб. Гэта на 30% меней, чым на першых таргах.
Пакупнік павінен на працягу года ад дня заключэння дамовы распрацаваць праект рэканструкцыі будынка пад гатэль альбо матэль. На рэканструкцыю новы ўласнік будзе мець тры гады.