Будынак былога аэрапорта ў Караліно побач з Юбілейным возерам плануюць прадаць. Інфармацыю аб гэтым апублікаваў Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі. Цана пакуль не вядома.

Пад Гродна хочуць прадаць будынак на найстарэйшым аэрадроме Беларусі
Аэрапорт у Караліно. Крыніца: au.nca.by

На продаж выставілі двухпавярховы, цагляны будынак з вежай. Гэта былы кантрольна-дыспетчарскі пункт. Агульная плошча — 630 кв.м. Да будынка праведзена ацяпленне, вадазабеспячэнне, электрычнасць, каналізацыя і тэлефон. Ёсць склеп.

Зараз будынак знаходзіцца на балансе Міністэрства надзвычайных спраў.

Калі ў Караліно з’явіўся аэрапорт

Аэрадром у вёсцы Караліно лічаць найстарэйшым у Беларусі. Першая паветраная рота размясцілася тут у 1910 годзе. Авіяцыя з аэрадрома прымала ўдзел у Першай і Другой сусветных войнах.

У сярэдзіне 1950-х гадоў назву аэрадрома «Каралін» змянілі на «Караліно». Там пачаў працаваць грамадзянскі аэрапорт Гродна. Самалёты з Гродзенскага аэрапорта лёталі ў Мінск, Кіеў, Крым і Маскву. У 1983 годзе побач з мястэчкам Абухава адкрылі новы Гродзенскі аэрапорт.

Побач з былым аэрадромам у Караліно сёння размяшчаецца Гродзенскі аэраклуб.

Чытайце таксама: