Лаўнж-кафэ «Барашка» і кафэ «Хотей» прадаюць у Гродне. Абодва знаходзяцца ў цэнтры горада і папулярныя сярод гродзенцаў. Hrodna.life паглядзеў, якія ўмовы прапануюць уладальнікі. Праўда, у абодвух выпадках цану публічна не агучваюць.

«Барашка» на Калючынскай

У будынку апарт-гатэля «Семашко» на вуліцы Калючынскай, 23 прадаюць установу «Барашка». Яе пазіцыянуюць як лаўнж-кафэ і рэстаран. Цана дагаварная.

Гэта «паспяховы і рэнтабельны праект з высокай кухняй прэміяльнай якасці», адзначаюць уладальнікі ўстановы.

Плошча кафэ 270 кв.м, ёсць летняя тэраса і вялікая барная стойка. Аздабленне памяшкання зроблена з прыродных матэрыялаў: драўніны і каменя. Унутры да 80 пасадачных месцаў, яшчэ 50 месцаў на верандзе. Працуе «Барашка» з 2018 года.

Абяцаюць лаяльныя арэндныя ўмовы і неабходнае для працы абсталяванне ва ўласнасці.

У Instagram «Барашка» больш за 14 тыс. падпісчыкаў. Сярэдняя адзнака на Google Maps — 4,3 зоркі. Прычына продажу не звязана з самім бізнесам, дадаюць уладальнікі.

Чытайце таксама: Які гатовы бізнес у сферы грамадскага харчавання выставілі на продаж у Гродне

«Хотей» на Ажэшкі

На вуліцы Ажэшкі, 1 па дагаварной цане прадаюць сямейнае кафэ «Хотей». Установа спецыялізуецца на піцах і сушы, мае сфарміраваны штат супрацоўнікаў, арганізаваную службу дастаўкі і кол-цэнтр.

Плошча «Хотей» 160 кв.м — унутры кафэ каля 40 пасадачных месцаў, яшчэ столькі ж на верандзе. Арэнда памяшкання дзяржаўная, але ёсць магчымасць выкупіць яго ва ўласнасць.

У Instagram кафэ больш за 17 тысяч падпісчыкаў, сярэдняя адзнака на Google Maps — 4,4 зоркі.