У выхадныя з 20 па 21 ліпеня ў Гродзенскай вобласці патанулі тры чалавекі. Гэта адбылося ў Гродзенскім і Слонімскім раёнах, а таксама на возеры «Юбілейнае» у Гродне, паведаміла Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
У Гродзенскім раёне ў рацэ побач з вёскай Чэхаўшчызна ў пяць раніцы 20 ліпеня патануў 19-гадовы хлопец. Ён прыехаў туды з кампаніяй на адпачынак. Яго цела знайшлі на глыбіні трох метраў.
Вечарам 20 ліпеня 43-гадовы жыхар Гродна, які адпачываў з бацькамі, пачаў тануць на возеры «Юбілейнае». З вады яго выцягнуў бацька і заклікаў на дапамогу супрацоўнікаў ТВВОД (Таварыства выратавання на водах). Яны праводзілі рэанімацыйныя дзеянні да прыезду хуткай дапамогі. Гродзенца шпіталізавалі ў цяжнім стане, ён памёр наступнай раніцай.
Раніцай 21 ліпеня слонімскія ратавальнікі вынялі з вады цела хлопца, які аступіўся і ўпаў у раку Іса побач з вёскай Ваўчуны. Сябра, разам з якім адпачываў загінулы, спрабаваў дапамагчы, але не даў рады.
У Зэльве выратавалі чалавека ў двух кіламетрах ад берага
Вечарам 20 ліпеня ратавальнікі дапамаглі 48-гадому мужчыну на Зэльвенскім вадасховішчы. Мужчына выпаў з маторнага чоўна за два кіламетры ад берага. Ратаваць яго скочыў яго 12-гадовы сын. Супрацоўнікі ТВВОД выцягнулі абодвух з вады. Медычная дапамога выратаваным не спатрэбілася.
Пачалі тануць часцей, чым летась
З пачатку 2024 года ў Гродзенскай вобласці патанулі 25 чалавек. З іх за першае паўгоддзе — у перыяд са студзеня па чэрвень — 17 чалавек. За аналагічны перыяд 2023 года такіх выпадкаў было 10.
Сёлета супрацоўнікі ТВВОД выратавалі 15 чалавек, сем з іх — дзеці.
Пракуратура: не хапае бяспечных месцаў для купання
У пракуратуры Гродзенскай вобласці лічаць, што адзін з фактараў смерці людзей на вадзе — адсутнасць неабходнай колькасці добраўпарадкаваных месцаў масавага адпачынку каля вады, дзе былі б ратавальныя станцыі і пасты. Абласная пракуратура з гэтай нагоды накіравала прадпісанні і прадстаўленні ў аблвыканкам, раённыя выканкамы і арганізацыі ЖКГ.
Чытайце таксама: Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскай вобласці 2024