На вуліцы Урублеўскага будаўнічая тэхніка пачала дэмантаваць чашы былога фантана. Ён размяшчаецца побач з будынкам упраўлення статыстыкі, паведаміў NewGrodno. Рэдакцыя Hrodna.life нагадвае, навошта яны наогул патрэбныя ў горадзе.
Старыя фантаны разбураюць, а новыя не будуюць
«Дзіўны выпадак недальнабачнасці і шкодніцтва. Ці шмат за апошнія 30 гадоў у жылых раёнах Гродна з’явілася новых фантанаў з чашамі, каб так вольна распраўляцца са старымі?» — напісалі ў Telegram-канале «Спадчына».
Навошта фантан быў патрэбны?
У савецкія часы фантан пабудавалі не для дэкаратыўных функцый. Ён быў часткай сістэмы ахалоджвання электронных вылічальных машын, якія некалькі дзесяцігоддзяў таму ўяўлялі з сябе вялікія камп’ютары і займалі паверхі. Таму замест невялікіх кулераў для ахалоджвання выкарыстоўваліся тоны вады.
З часам патрэба ў такой сістэме ахалоджвання адпала. Падобным чынам выкарыстоўваўся фантан у скверы ў раёне вуліц Міцкевіча, Горкага і Віленскай. Некалькі гадоў таму яго таксама дэмантaвалі.
Колькі ў Гродне дзейных фантанаў
Усяго ў Гродне сем вулічных фантанаў, даступных ўсім: на плошчы Савецкай, каля драмтэатра, каля філармоніі, фантан «Сяброўства народаў» каля Беларускага інстытута правазнаўства, фантан на Паповіча каля кінатэатра «Кастрычнік» і два фантаны ў парку Жылібера. Іх абслугоўвае ГКПП «Гарсвятло», а ваду пастаўляе ГУКПП «Гроднаводаканал».
Фантаны выконваюць эстэтычную функцыю. Таксама яны спрыяюць ахалоджванню паветра ў летні перыяд, што дапамагае знізіць тэмпературу ў гарадскіх зонах. Акрамя гэтага, фантаны прыцягваюць пыл, тым самым ачышчаючы паветра.
Чытайце таксама: Відэа: як дзеці збіраюць манеты ў гарадскім фантане ў Гродне