16 ліпеня ў Варшаве затрымалі беларуса. Пры затрыманні ў яго знайшлі зброю. Паводле інфармацыі MOST, гэта вядомы гродзенскі музыка Ігар Б. (згодна з польскім заканадаўствам, медыя не могуць указваць прозвішча без дазволу). Некаторыя СМІ сцвярджаюць, што гэта лідар групы Mister X і былы палітвязень Ігар Банцэр.
UPD. Пасля абеду 17 ліпеня Ігар Банцэр выйшаў на волю. Відэа з выхадам з паліцэйскага ўчастка музыкант апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram. Ён напісаў: «Затрыманы на 28 гадзін за… тое, што быў сабой! Паліцэйскія прыцісненні, паліцэйскія „жарты“ нада мной, абвінавачанні паліцыі ў тым, што я сапраўды небяспечны чалавек». Таксама музыкант напісаў, што «учора і сёння прапусціў важную сустрэчу, адчуваю сябе трохі разгубленым».
Пра гэта MOST распавялі яго сябры. Тэлефон Ігара недаступны, апошняя яго актыўнасць у сацыяльных сетках была суткі таму. Сябры выказваюць яму падтрымку ў ягоным акаўнце ў Facebook. Узрост затрыманага — 44 гады, таксама супадае.
Затрыманы знаходзіцца ў паліцыі, а матэрыялы справы перададуць у пракуратуру, паведаміў прэс-сакратар варшаўскага аддзялення паліцыі KRP-І Якуб Пацыняк. Імя затрыманага ён не паведамляў.
Што адбылося?
16 ліпеня ў будынку Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў Варшаве эвакуявалі 150 чалавек. Прычына — беларус, у сумцы якога знайшлі нож, газ, тэлескапічную дубінку і, верагодна, шумавую зброю. Ахова будынка выклікала паліцыю, на месца таксама прыбыла пажарная служба.
Ігар Банцэр — музыкант гродзенскай стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Адбываў паўтара года «хіміі» за нібыта хуліганства, якім палічылі танец у стрынгах. Прымае антыфашысцкія і антырасісцкія погляды. Цяпер жыве ў Варшаве.