На беларуска-літоўскай мяжы ў кабіне фуры выявілі каля 60 срэбных манет рознай вартасці і 540 манет Германіі (Трэцяга Рэйха) вартасцю 2 рэйхсмаркі 1937−1939 гадоў выпуску, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі. Мужчына не стаў іх дэклараваць і заплаціў за гэта штраф. Але на манетах Германіі знайшлі свастыку — таму на штрафе справа не скончылася.

Грошы праз пункт пропуску «Каменны лог» перавозіў 30-гадовы кіроўца, грамадзянін Беларусі. Ён сказаў мытнікам, што не мае тавараў, якія трэба дэклараваць. Пасля гэтага ў яго выявілі манеты, якія ацанілі ў 45 тыс. рублёў.







На відэа відаць, што манеты мужчына захоўваў у пластыкавым пакеце побач з ежай.
Што пагражае мужчыне?
Мужчына заплаціў каля 5 тыс. рублёў штрафу за тое, што незадэклараваў манеты (ч. 4 арт. 15.5 КаАП). Таксама ў дзеяннях беларуса ўбачылі «Прапаганду альбо публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі» — арт. 341−1 Крымінальнага кодэкса.
Яму можа пагражаць штраф, арышт, альбо абмежаванне волі да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі да чатырох гадоў. Матэрыялы мытнікі перадалі ў Ашмянскі РАУС.
Чытайце таксама: На літоўска-беларускай мяжы затрымалі два Tesla Cybertruck: падазраюць, што іх везлі ў Расію
Паводле артыкула 341−1 у Гродзенскай вобласці судзяць не часта. За апошнія гады ўзбудзілі адну крымінальную справу за татуіроўкі - гродзенца затрымалі трэці раз з неперабітымі сімваламі. Затое за пасты ў сетках і пры першых затрыманнях за татуіроўкі актыўна прымяняюць адміністрацыйны арт.19.10 КаАП.