Два новенькія электрычныя пікапы Tesla Cybertruck 2023 года выпуску затрымалі літоўскія мытнікі 7 траўня ў Шальчынінкай. Іх хацелі ўвезці ў Беларусь, але мытнікі выказалі здагадку, што насамрэч электракары павінны былі адправіцца ў Расію, піша Delfi.lt.

Кошт машын — больш за 200 000 еўра. Афіцыйна яны накіроўваліся ў Беларусь. Мытнікі вырашылі, што гэта хітрык, каб далей перавезці аўто ў Расію. Еўрасаюз жа ўвёў санкцыі на экспарт легкавых аўтамабіляў у Расійскую Федэрацыю, а літоўская мытня нядаўна ўзмацніла жорсткасць кантролю над экспартам электрамабіляў у трэція краіны.

У 2023 годзе правялі даследаванне, якое паказала, што амаль кожны другі экспартаваны ў трэція краіны (Беларусь, Казахстан, Узбекістан і іншыя) аўтамабіль коштам ад 50 000 еўра пазней аказваўся на расійскім рынку.

Крымінальная служба мытні пачала расследаванне па факце кантрабанды і парушэння міжнародных санкцый. Абодва аўтамабілі затрыманы і знаходзяцца ў памяшканнях літоўскай мытні. Кіроўцаў аўтамабіляў пасля допыту адпусцілі.

Раней Tesla Cybertruck правозілі з Літвы ў Расію без праблем

Раней як мінімум адзін Tesla Cybertruck паспяхова перасёк літоўска-беларускую мяжу. 27 красавіка ў Гродне яго сустрэў уладальнік — Аляксей Ерамчук з Moscow Tesla Club. «Мы ведаем, як зрабіць так, каб гэтыя аўтамабілі з’явіліся ў Расіі», — казаў Аляксей. Аб тым аўтамабілі пісалі многія медыі, у тым ліку гродзенскія. Магчыма, гэта і прыцягнула ўвагу літоўскай мытні да наступных аўтамабіляў Tesla на мяжы.