Колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе зменшылася больш чым на 500 у параўнанні з 2022 годам. Адпаведную інфармацыю апублікавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.  

ІП, прадпрымальніцтва, прадпрымальнік
Прадпрымальнік. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com/Alterfines

Большасць індывідуальных прадпрымальнікаў займаюцца аптовым і рознічным гандлем, рамонтам аўтамабіляў і матацыклаў – 38%. На другім месцы па колькасці – транспартная дзейнасць, складаванне, а таксама паштовая і кур’ерская дастаўка – 16,9%. Будаўніцтвам займаюцца 9,5% прадпрымальнікаў.

Менш за ўсё ІП у сферах прафесійна навуковай і тэхнічнай – 6,7% і прадстаўленні іншых відаў паслуг – 5,5%. 

Як змянялася колькасць ІП за апошнія гады

Найбольшая колькасць зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў за апошнія сем гадоў была ў 2022 годзе – 27 893. Найменшая ў 2018 годзе – 24,2 тыс. 

  • 2017 год – 25,0 тыс.;
  • 2018 год – 24,2 тыс.;
  • 2019 год – 24,4 тыс.;
  • 2020 год – 26,2 тыс.;
  • 2021 год – 27,5 тыс.;
  • 2022 год – 27,8 тыс.;
  • 2023 год – 27,3 тыс.;

Па краіне сітуацыя падобная

У снежні 2023 года стала вядома, што колькасць ІП зніжаецца. У краіне зарэгістравалі на 13 тыс. прадпрымальнікаў менш, чым ліквідавалі. Гэта звязана з тым, што з 1 студзеня 2023 года ІП згубілі права на спрошчанае падаткаабкладанне. Таксама скарацілі колькасць відаў дзейнасці для адзінага падатка. З-за гэтага ІП пачалі афармляць статус юрыдычнай асобы. 

Станам 1 студзеня 2024 года ў Беларусі было 252,4 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта на 10 тыс. менш, чым было 1 студзеня 2023 года. 

Чытайце таксама: ІПшніцу з Гродзенскай вобласці судзілі за гандаль крэмам NIVEA