У Беларусі больш не хочуць выпісваць з жытла прапісаных там ваеннаабавязаных мужчын. Аб гэтым напісала адна з удзельніц Facebook-групы беларускай дыяспары за мяжой. Ёй трэба было дыстанцыйна выпісаць з кватэры ў Беларусі мужа. Яна планавала зрабіць гэта праз суд, але ад адваката даведалася, што ўжо не атрымаецца.

У каментарах да публікацыі ў Facebook жанчыне пацвердзілі, што гэта праўда. Таксама ўдакладнілі, што гэта рабілі неахвотна яшчэ паўтара гады таму, калі можна было вырашаць многія юрыдычныя пытанні па генеральных даверанасцях з-за мяжы. «Ваенкамат проста рабіў твары цэглай і сабатаваў працэс», — падзялілася іншая ўдзельніца групы [для прапіскі на новым месцы ваеннаабавязаны павінны ўзгадніць гэта з ваенкаматам — Hrodna.life]. Праўда, тады справу ўсё ж можна было развязаць праз суд. Выпісваць праз суд перасталі з траўня-чэрвеня 2024 года, удакладнілі ў каментарах.

Адна з каментатарак адзначыла, што зараз ёсць праблемы з выпісваннем праз суд і ў дачыненні да жанчын, асабліва тых, хто з’ехаў з Беларусі пасля 2020 года. «100 500 прычын суддзя знойдзе, каб не выпісваць. Сябры сутыкнуліся», — напісала яна.

Удзельнікі дыскусіі параілі аўтарцы допісу, каб яе муж звярнуўся ў пасольства Беларусі і аформіў там сталае пражыванне па-за межамі Рэспублікі Беларусь — гэта можа дапамагчы вырашыць пытанне.

Навошта ўвогуле выпісвацца і як гэта магчыма зрабіць?

Выпісаць прапісанага ў кватэры чалавека можа спатрэбіцца, каб прадаць гэтую кватэру, абмяняць, уступіць у спадчыну. Беларусы, якія былі рэпрэсаваныя пасля выбараў у 2020 годзе і з’ехалі за мяжу, імкнуцца выпісацца, каб да іх блізкіх, у якіх яны прапісаныя, не прыходзілі з ператрусам сілавікі.

Да гэтага часу без асабістай прысутнасці гэта можна было зрабіць праз суд у парадку завочнай вытворчасці. Калі чалавек не з’яўляецца ўладальнікам жылля і не мае долі ў праве ўласнасці, то ў суд з пазовам могуць звярнуцца людзі, зарэгістраваныя ў кватэры. Адказчык (той, каго жадаюць выпісаць) можа напісаць заяву аб тым, што ён не супраць, каб яго знялі з рэгістрацыйнага ўліку. Трэба ўказаць, што адказчык пражывае па іншым адрасе, або выехаў за мяжу, не нясе ўдзелу ў расходах па ўтрыманні памяшкання, адкуль яго хочуць выпісаць, удакладніць новы адрас і кантакты. Калі суд прызнае, што чалавек страціў права валодання і карыстання жылым памяшканнем, уласнік можа выпісаць яго праз разлікова-даведачны цэнтр.

Чытайце таксама: «Баяўся, што мне прад’явяць данаты, за якія павінен адкупіцца». Як гродзенцы на свой страх і рызыку прыязджаюць на радзіму, каб прадаць жыллё