З 4 ліпеня ўзмацніліся праверкі на мяжы. Польская мытня перастала адзначаць tax-free, а тэхніку і запчасткі, якія вязуць у Беларусь, правяраюць нават на зялёным канале. Людзям патлумачылі, што гэта звязана з уступленнем у дзеянне новага 14 пакета санкцый.
Інфармацыя пра змены ў парадку пропуску на польскай мяжы з’явілася ў чатах, прысвечаных перасячэнню мяжы з Еўрасаюзам.
«14 пакет санкцый, бязтаварны выезд, новая змена сказала. Назад у РП раварочваюць усіх. Там спіс на 200+ лістоў, толькі пару найменняў прахадных. Блытаніна поўная», — напісаў адзін з карыстальнікаў чата. Людзей з таварам на мытні не выпускаюць і адпраўляюць назад у Польшчу, а тыя едуць вяртаць набытае ў магазіны.
Вывозіць прадукты і лекі не забаронена. Таксама прапускаюць каву і пральны парашок, напісалі ў «прымежным» чаце. Аўтобусы пакуль правяраюць выбарачна.
Поўны спіс забароненых да вывазу тавараў даступны па спасылцы. У яго ўваходзяць:
- ікра і яе імітацыя, ракападобныя ў любой форме, труфелі і ўсе грыбы, акрамя шампіньёнаў;
- адзенне і іншыя вырабы, якія былі ва ўжыванні (падобна, гаворка пра тавары для сэканд-хэндаў);
- новыя шыны аўтобусаў, грузавікоў, а таксама будаўнічых, прамысловых і горназдабыўных машын, б/у шыны і покрыўкі, аўтамабільны бензін, гумовыя пракладкі, шайбы і ўшчыльняльнікі, Умацаванае шкло для транспарту, аўтамабільныя замкі і ключы, фары, аўтамагнітолы, антыфрызы і антабледзяняльныя вадкасці, тармазныя гідраўлічныя вадкасці, прыборы для сігналізацыі, сядзенні для аўтамабіля;
- дываны, ванны з сталёвага ліста, пластыкавыя бідэ і ўнітазы, празрыстая папера для вокнаў;
- стойкі і бэлькі, будаўнічая цэгла, чарапіца, будаўнічыя растворы, бетоны, керамічныя трубы, трубаправоды ахоўныя, водаадводы і фітынгі для труб, металічныя трубы, керамічная плітка, пластыкавыя вокны і іх рамы, шкло і люстэркі, палотны для стужачных пілаў, інструменты для свідравання, фрэзеравання, такарнай апрацоўкі, нажы і лёзы для прыбораў, у тым ліку для металу і дрэва, паяльнікі;
- каштоўныя, напаўкаштоўныя і сінтэтычныя камяні (акрамя ювелірных вырабаў з ЕС, якія вязе ў Беларусь фізасоба), цыгары і цыгарылы, якія змяшчаюць тытунь, манеты і банкноты, якія не з’яўляюцца плацежным сродкам, сталовыя прыборы з каштоўных металаў і пакрытыя імі; мячы, палашы, штыкі, пікі і падобнае і похвы для іх;
- транспартныя сродкі даражэйшыя за € 50 000 кожнае, матацыклы даражэйшыя за € 5000, аксэсуары і запасныя часткі для люксавых аўто і матацыклаў,
- фотаапараты і відэакамеры даражэйшыя за € 1000, аб’ектывы для камер, мікрафоны, радыётэхніка, магнітафоны і плэеры, аўдыё- і відэакасеты, рацыі, радары;
- смартфоны, тэлевізары, экраны, 3D-прынтэры, батарэйкі ўсіх відаў, ліхтарыкі на батарэйках, капіравальна-множныя машыны,
- забароненыя да транзіту ноўтбукі электрагенератары, камеры для падводнай і паветранай здымкі.
Санкцыі не павінны распаўсюджвацца на тавары для асабістага карыстання. Але пакуль мытнікі не прапускаюць любыя новыя тавары — як для перапродажу, так і для асабістага карыстання, піша MOST са спасылкай на сваю крыніцу.
14-ы пакет санкцый у сувязі з агрэсіўнай вайной Расіі супраць Украіны прынялі 24 чэрвеня. Пакет быў закліканы ўзмацніць экспартныя абмежаванні на прамысловыя тавары і перадавыя тэхналогіі.
Чытайце таксама: