Рэтра-аўтамабіль “Mercer” прыехаў у Беларусь з Польшчы і адразу ж стаў героем сацсетак. Многія пачалі параўноўваць яго з аўтамабілем з мультфільма “Прыгоды парсючка Фунціка”. Аказваецца, такая машына – адзіная ў сваім родзе. Яе 11 гадоў будаваў паляк Ежы Крыніцкі з Лодзі, натхніўшыся аўтапрамам 20-х гадоў XX стагоддзя. Разам з жонкай Даротай Юст-Крыніцкай ён вырашыў пакатацца па Беларусі. Пара заехала ў Ліду, дзе дала інтэрв’ю мясцоваму тэлеканалу.

Што за “машына Фунціка”?

Ежы Крыніцкі сам пабудаваў сваю машыну ў рэтра-стылістыцы на шасі мікрааўтобуса Mercedes 207d 1981 гада. Ён назваў яе «Mercer» і кажа, што яна – адзіная такая ва ўсім свеце. Ён збіраў яе 11 гадоў і скончыў увосень 2023.

У ёй усталяваны дызельны рухавік на 2,5 л. Дадаткова ёсць бензінавы генератар: з яго дапамогай на стаянцы можна пагрэцца, прыгатаваць каву, зарадзіць ноўтбук ці нешта яшчэ. Ёсць кандыцыянер, халадзільнік і невялікая ракавіна. Бак месціць крыху больш за 60 літраў, з’ядае машына 11 літраў на 100 км.

“Дарогі тут добрыя, прыемна ехаць. А такая машына патрабуе добрых дарог, – расказала Дарота аб сваіх уражаннях ад Беларусі. – Усюды ў вас чыста, прыгожа”.

Пара паспела ўбачыць некалькі абласцей Беларусі. Яны наведалі Кобрын, Пінск, Баранавічы, Мінск, Навагрудак, Мір і Ліду.

“Нам падабаецца Беларусь, у вас тут спакойна. Можа, Мінск крыху шумны, але ў цэлым нам вельмі падабаецца атмасфера. Маеце цудоўную зеляніну, дагледжаную. Людзі вельмі мілыя, сімпатычныя”, – працягвае Дарота.

Крамы працуюць па нядзелях, а людзі больш адчыненыя

Пара расказала, чым Беларусь, паводле іх назіранняў, адрозніваецца ад Польшчы.

“У нас крамы ў нядзелю не працуюць. Тут можна зайсці ўсюды. Яшчэ ў Беларусі ёсць крамы, якія працуюць дапазна. У вас адкрыты банкі ў суботу. У нас не. А сярод тыдня толькі да 12”, – адзначыла Дарота.

У Польшчы з 2018 года большасць крам зачыненыя па нядзелях і ў дзяржаўныя выходныя. Ёсць усяго некалькі так званых “гандлёвых нядзель” у годзе, калі крамы адчыненыя.

“Вы вельмі прыязныя і адкрытыя. У нас мала такіх сустрэч, як у вас. Нашы людзі замкнёныя ў сабе і ў дамах. Не маем зносін паміж сабой, як вы тут. Відаць, што маеце агульныя тэмы, святы. У нас ужо менш”, – кажа Дарота пра свае ўражанні ад зносін з беларусамі.