Даехаць ад Уроцлава да Гродна за адну гадзіну і пабачыць падземны горад нацыстаў. Цікавасці Сілезіі, якія адкрываюць для вас правы кіроўцы

Турыстычны маршрут па Ніжняй Сілезіі з Denis Drive

У гадзіне-дзвюх язды ад Уроцлава ёсць безліч цікавых мясцін, дзе можна правесці вясновы або летні ўік-энд. Ніжняя Сілезія мае свой замак Гродна, некалькі буйных азёр-вадасховішчаў, маляўнічы сад на 60 гектараў і мноства невялікіх атмасферных мястэчак па дарозе. Яны адкрываюцца тым, хто мае правы кіроўцы і аўтамабіль.

Журналісты Hrodna.life праехаліся па Ніжняй Сілезіі. Разам з аўташколай Denis Drive мы падрыхтавалі спіс уражваючых лакацый для аднадзённай вандроўкі на аўто.

Аўтамабіль ужо даўно перастаў быць раскошай – гэта зручны і часта неад’емны атрыбут штодзённага жыцця. Навык кіравання не толькі значна палягчае і паскарае гарадскую мабільнасць, але і істотна пашырае магчымасці для падарожжаў. Асабліва ў цяжкадаступныя для грамадскага транспарту месцы.

Калі ж у вас яшчэ няма правоў, але вы марыце пра большую незалежнасць ад польскіх аўтобусаў ці чыгункі, звярніце ўвагу на аўташколу Denis Drive. Гэта сучасная школа падрыхтоўкі кіроўцаў, якая працуе ва Уроцлаве, Варшаве, Беластоку і Гдыні. Важная дэталь – школа арыентавана на замежнікаў. Тэарэтычныя заняткі праводзяцца на рускай мове, а практыка — на польскай, рускай, украінскай або англійскай мовах. Спецыялісты школы падрыхтавалі зручнага Telegram-бота, які дапаможа разабрацца з яе паслугамі.

автошкола denis drive во Вроцлаве

Zalew Mietkowski – ідэальныя ўцёкі з горада на выхадныя

Меткаўскі заліў (Zalew Mietkowski) – гэта найбуйнейшае вадасховішча Ніжняй Сілезіі, размешчанае ўсяго крыху больш за 30 км ад Уроцлава. Яно паўстала ў 1980-х гадах на рацэ Быстшыца ў выніку будаўніцтва дамбы. Гэта месца спалучае ў сабе магчымасці для актыўнага адпачынку і спакойнага сузірання прыроды: аддаленыя куткі вадасховішча служаць домам для дзясяткаў відаў рэдкіх птушак.

Тут можна знайсці як упарадкаваныя пляжы з развітой інфраструктурай у Borzygniew, так і дзікія пясчаныя берагі ў раёне Maniów Mały. Візітоўкай возера з’яўляецца маляўнічая прагулачная траса працягласцю 5 кіламетраў, якая праходзіць проста па грэбені дамбы, адкуль адкрываюцца захапляльныя віды на гару Сленжа (Ślęża).

Нягледзячы на наяўнасць чыгуначных зносін, самым зручным спосабам дабрацца да заліва застаецца аўтамабіль. Асабісты транспарт дае поўную свабоду ў выбары месца адпачынку і дазваляе ўзяць з сабой увесь неабходны рыштунак для пляжа, віндсерфінгу, рыбалкі ці кемпінгу.

Давайце параўнаем:

  • Машынай з цэнтра Уроцлава (ваколіцы вакзала PKP) – 44 хв, 38 км – і вы даязджаеце пад самы бераг.
  • Цягніком – 29 хвілін да Меткава і яшчэ каля 45 хв пешкі, каб дайсці да вады.

Краіна разбураных палацаў: што яшчэ пабачыць па дарозе

Па дарозе да возера не прапусціце маляўнічыя руіны палаца ў Maniów Mały. Пабудаваны ў XVIII стагоддзі і разбураны падчас Другой сусветнай вайны, палац усё яшчэ прыцягвае ўвагу і нават праз руіны дае магчымасць ацаніць яго былое хараство.

Для аматараў гісторыі і палацава-паркавай архітэктуры мы таксама раім крыху адхіліцца ад маршруту і наведаць Pałac rodziny von Korn w Siedlimowicach, які знаходзіцца ўсяго за 7 км на паўднёвы захад ад Меткаўскага заліва. Гэты комплекс дайшоў да нашага часу ў моцна разбураным выглядзе, але магчымасць даследаваць рэшткі раскошных пакояў, аздобленых вытанчанай бела-сіняй пліткай, убачыць рэшткі неарэнесансных фасадаў і прагуляцца па зялёнаму парку дакладна пакіне яркае ўражанне.

Наогул жа, аматарам руін гэты напрамак з Уроцлава можна дакладна параіць. Амаль у кожнай вёсачцы і мястэчку ці па дарозе паміж імі можна пабачыць нейкую маляўнічую разваліну: рэшткі палацаў, млыноў, ёсць нават помнік канцлеру Ота фон Бісмарку! Іх наведаць з дапамогай грамадскага транспарту ніяк не атрымаецца – патрэбна машына. З ёй на вадасховішчы і ў яго ваколіцах можна камфортна правесці цэлы дзень і вярнуцца дадому ў любы зручны момант.

Лакацыі:

Arboretum Wojsławice – кветкавы рай пад Немчай

Арбарэтум (у нас больш прынята назва “дэндрарый”) у Вайславіцах з’яўляецца філіялам Батанічнага сада Уроцлаўскага ўніверсітэта. Гэта адно з самых маляўнічых месцаў на мапе Ніжняй Сілезіі. Гістарычны парк плошчай больш за 60 гектараў раскінуўся на пагорках і славіцца сваімі калекцыямі рададэндранаў, лілейнікаў і гартэнзій, перыяд квітнення якіх прыпадае на сярэдзіну мая – сярэдзіну ліпеня.

Вясной і летам сад ператвараецца ў жывы калейдаскоп: тут можна ўбачыць тысячы сартоў раслін, прагуляцца па ўнікальным вішнёвым садзе, зладзіць пікнік на зялёных палянах ці адпачыць каля маляўнічых сажалак. Гэта ідэальнае месца для сямейных шпацыраў ды фотасесій, дзе прырода гарманічна спалучаецца з гістарычнай архітэктурай старадаўняга маёнтка і сучаснымі адукацыйнымі сцежкамі.

Акрамя гэтага, Арбарэтум прапануе насычаную культурную праграму. Тут рэгулярна ладзяцца тэматычныя святы, такія як Дзень лілейніка або выставы дэкаратыўных гарбузоў увосень. На тэрыторыі сада працуюць кавярні, дзе можна перакусіць, і спецыялізаваная крама, у якой можна набыць саджанцы рэдкіх раслін проста з мясцовай калекцыі. Для дзяцей абсталяваны гульнявыя пляцоўкі, а шматлікія зоны для адпачынку дазваляюць правесці тут цэлы дзень, атрымліваючы асалоду ад цішыні і свежага паветра.

Аўтамабіль гэта безумоўна найлепшы выбар для паездкі ў Вайславіцэ. Арбарэтум знаходзіцца прыкладна за 50 км ад Уроцлава, і менавіта асабісты транспарт дазваляе дабрацца сюды максімальна хутка і камфортна – вам хопіць гадзіны. Каля самага сада абсталяваная вялізная бясплатная паркоўка, што здымае любыя пытанні з пошукам месца для вашага аўто. Альтэрнатыўны варыянт – аўтобус – патрабуе 1 г 44 хв і дапасаванне да раскладу.

Крывая вежа і горад Франкенштэйн: што яшчэ пабачыць у ваколіцы

Акрамя таго, наяўнасць машыны дазваляе наведаць па дарозе шэраг утульных мястэчак, такіх як Niemcza або Ząbkowice Śląskie. У Немчы ёсць замак, сімпатычная рынкавая плошча з ратушай і касцёл. Таксама можна наведаць 160-гадовы неараманскі касцёл. Замбкавіцэ знаходзяцца 20-25 хвілін язды далей за Вайславіцэ. У гэтым мястэчку ёсць свая Крывая вежа, маляўнічыя руіну замка і нават… лабараторыя Франкенштэйна. Яна не падаецца такой ужо нечаканай, калі ведаць, што мястэчка Замбкавіцэ большую частку сваёй (нямецкай) гісторыі называлася Франкенштэйн. Ёсць нават версія, што Мэры Шэлі, аўтарка знакамітага гатычнага рамана “Франкенштэйн”, натхнялася назвай гэтай невялікай мясцовасці. У XVII стагоддзі тут адбылася гучная справа магільшчыкаў-вандалаў, якіх абвінавацілі ў злачынствах супраць целаў памерлых, чараўніцтве і распаўсюджванні заразы і спалілі на вогнішчы.

Лакацыі:

Zamek Grodno – сярэднявечная легенда на вяршыні гары

Апавяданне пра гэтае месца хочацца пачаць як казку: там, дзе густыя смарагдавыя лясы Савіных гор (Góry Sowie) сустракаюцца з крутымі схіламі Валбжыхскіх вяршыняў, на самым піку гары Choiny велічна ўзвышаецца замак Гродна. І не, гаворка не пра Стары ці Новы замкі ў беларускім Гродне, а пра адно з самых маляўнічых і загадкавых умацаванняў Ніжняй Сілезіі. Пабудаваны больш за 700 гадоў таму, замак прайшоў шлях ад непрыступнай княжацкай крэпасці да рэнесанснай рэзідэнцыі. Сёння гэта ўнікальны музей пад адкрытым небам, дзе можна падняцца на высокую вежу з панарамным відам на горы, даследаваць рыцарскія залы, убачыць старадаўнія сонечныя гадзіннікі і нават спусціцца ў сутарэнні, якія захоўваюць арыгінальныя прылады катаванняў мінулых эпох.

Існуе некалькі версій паходжання назвы замка. Паводле адной версіі, назва паходзіць ад старога славянскага слова gród (крэпасць, умацаванае паселішча). Паводле іншай, замак быў названы ў гонар навакольных лясоў і ўгоддзяў (grodne – урадлівы, багаты). Яшчэ адна версія кажа пра тое, што назва прыйшла з нашага беларускага Гродна. Бо да далучэння гэтай часткі Сілезіі да Польшчы пасля Другой сусветнай вайны замак стагоддзямі называўся па-нямецку Kynsburg. Назва Гродна з’яўляецца толькі пасля вайны, што наводзіць на думку, што яе мог прынесці на былыя нямецкія землі які-небудзь рэпатрыянт з нашых мясцін. Такі перасяленцаў ва Уроцлаве і ваколіцах у канцы 1940-х былі тысячы!

Для беларусаў, многія з якіх пазбаўленыя магчымасці прыязджаць у сваю краіну, наведванне замка можа стаць своеасаблівым падарожжам на радзіму. Багатая прырода і велічная сярэднявечная архітэктура асабліва моцна нагадваюць, што вы – у Гродне.

Замак размешчаны ў Zagórze Śląskie, каля 70 км ад Уроцлава. Паездка на машыне зойме ўсяго каля гадзіны. Асабісты транспарт пазбаўляе ад неабходнасці падладжвацца пад складаны расклад аўтобусаў і цягнікоў і дазваляе лёгка сумясціць наведванне замка з прагулкай па беразе суседняга Быстшыцкага возера (jezioro Bystrzyckie) або аглядам знакамітай дамбы.

Лакацыі:

Podziemne Miasto Osówka – больш чым проста музей

Падземны горад  Асуўка (Podziemne Miasto Osówka) – гэта найбольш дабудаваная і тэхнічна дасканалая частка грандыёзнага праекта Riese (Велікан), які нацысцкая Германія рэалізоўвала ў нетрах Ніжняй Сілезіі ў 1943-1945 гадах. Комплекс уяўляе сабой сістэму бетонных галерэй, тунэляў і залаў, агульная працягласць якіх дасягае 2 кіламетраў, а вышыня даходзіць да 10 метраў. Дагэтуль дакладна невядома, чым павінен быў стаць гэты аб’ект: сакрэтнай стаўкай Гітлера, падземнымі вайсковымі заводамі ці лабараторыямі для распрацоўкі ядзернай зброі.

Асаблівасць гэтага месца – наяўнасць двух тыпаў экскурсій: класічнай і экстрэмальнай. У межах апошняй наведвальнікам прапануюць пераадолець затопленую частку тунэляў на металічных лодках, манеўруючы паміж бетоннымі сценамі ў поўнай цішыні. Гэта дае ўяўленне пра маштабы затаплення, з якім сутыкнуліся інжынеры пры будаўніцтве.

Акрамя саміх тунэляў, на паверхні захаваліся ўнікальныя бетонныя аб’екты – Kasyno і Siłownia. Kasyno працягласцю 50 метраў, з зашклёнымі ў тыя часы вокнамі і сістэмай ацяплення, павінна было служыць, верагодна, адміністрацыйным цэнтрам комплексу. Нягледзячы на назвы, рэальнае прызначэнне аб’ектаў застаецца прадметам дыскусій – яны маглі быць як вузламі сувязі, так і замаскаванымі вытворчымі цэхамі. Стан бетону і маштаб падмуркаў дазваляюць ацаніць інжынерны размах будоўлі, якая так і не была завершана да канца вайны.

Падземны горад знаходзіцца ў Глушыцы (Głuszyca), прыкладна за 75 км ад Уроцлава. Паездка на аўтамабілі гэта адзіны спосаб дабрацца сюды без прывязкі да рэдкага раскладу прыгарадных аўтобусаў, якія спыняюцца далёка ад увахода ў музей. Наяўнасць машыны дазваляе ўзяць з сабой цёплую вопратку (тэмпература пад зямлёй круглы год трымаецца на адзнацы +7…+8°C) і зменны абутак, калі вы плануеце лодачны маршрут. Побач з аб’ектам абсталяваная зручная паркоўка.

Лакацыі:

Знакаміты замак і Чэхія пад бокам: куды заехаць па дарозе з Асуўкі

Акрамя гэтага, машына дае вам магчымасць не абмяжоўвацца адным аб’ектам. Усяго за 15-20 хвілін знаходзяцца іншыя часткі праекта Riese – Włodarz і Rzeczka. Недалёка таксама знакаміты замак Ксёнж (Książ), горад Валбжых (Wałbrzych) і мяжа з Чэхіяй. Так што паездка на аўто ў гэтым напрамку дазволіць арганізаваць сапраўды незабыўны і вельмі насычаны выхадны.


Ніжняя Сілезія гэта рэгіён, які па-сапраўднаму раскрываецца толькі перад тымі, хто мае магчымасць свабодна выбіраць свой шлях і не залежыць ад раскладу грамадскага транспарту. Як паказвае практыка, самыя цікавыя лакацыі часта патрабуюць мабільнасці, якую забяспечвае менавіта аўтамабіль. Каб адчуваць сябе ўпэўнена на польскіх дарогах і адкрыць для сябе ўсе апісаныя намі куткі, варта пачаць з якаснай падрыхтоўкі.

У гэтым пытанні жыхарам Уроцлава дапамагае Szkoła Nauki Jazdy Denis Drive. Галоўная асаблівасць навучання тут заключаецца ў прафесійным падыходзе, які спалучае глыбокае веданне польскіх правілаў дарожнага руху з адсутнасцю моўнага бар’ера – уся тэарэтычная база даступная на зразумелай вам мове. Інструктары школы не проста рыхтуюць да паспяховай здачы дзяржаўнага іспыту ў WORD, але дапамагаюць набыць рэальныя навыкі бяспечнага кіравання ў складаных гарадскіх умовах, аўтастрадах, па бездарожжам і г.д.

Акрамя непасрэднай практыкі, Denis Drive забяспечвае поўную кансультацыйную падтрымку на ўсіх этапах атрымання пасведчання – ад стварэння профілю кандыдата ў кіроўцы (PKK) да выбару аптымальнага графіка заняткаў. Наяўнасць правоў становіцца не проста фармальнасцю, а інструментам, які ператварае мару пра вольныя падарожжы ў штодзённую рэальнасць.

Навучанне ў Denis Drive праходзіць на сучасных аўтамабілях. Яны аналагічныя тым, якія выкарыстоўваюцца на экзаменах у WORD: Suzuki Swift, Toyota Yaris і Hyundai i20.

Ва Уроцлаве аўташколу Denis Drive можна знайсці па адрасе:
– al. Armii Krajowej 53, lok 121
☎ 733 949 043
☎ 733 949 041
☎ 733 949 044

автошкола denis drive в Белостоке