Улады Польшчы не выключаюць магчымасці спыніць пропуск грузаў на мяжы з Беларуссю. Пры гэтым дзеянне не павінна закрануць пераходы для людзей. “Не будзем ускладняць жыццё звычайным палякам і беларусам”, — сказаў у эфіры Radio Zet міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Flickr / Ministry of Foreign Affairs of The Republic of Poland
Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Flickr / Ministry of Foreign Affairs of The Republic of Poland

Паводле слоў міністра, Польшча мае два асноўныя пастулаты, каб не адбылося закрыццё мяжы. Першы – на волю павінен выйсці Анджэй Пачобут, другі – павінна скончыцца акцыя сілавога высылання мігрантаў. 

“Беларусь пасылае нам сотні мігрантаў з расійскімі візамі, якія трапілі ў Расію з краін міграцыйнай пагрозы, для якіх раней Расія і Беларусь зняла абмежаванні. Гэта акцыя, якую ўключаюць і выключаюць. Ёсць такія месяцы, калі маем нуль мігрантаў, а потым раптам 300-400 чалавек штодня. Ад Беларусі залежыць, яна хоча мець лепшыя добрасуседскія адносіны з Польшчай або горшыя”, — сказаў Сікорскі. 

Каб паўплываць на Беларусь, пачнуць пільна кантраляваць грузавыя цягнікі

У чэрвені 2024 года стала вядома, што ў Польшчы разглядаюць варыянт закрыцця апошніх двух памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю. Тады Сікорскі казаў, што яны аналізуюць, ці будзе гэта цяжарам для эканомікі. Аднак у час прамовы ў чэрвені міністр не патлумачыў, ці хочуць закрыць рух толькі на аўтамабільных пунктах пропуску ці гэта закране і чыгунку, па якой усё яшчэ ездзяць з Беларусі ў Польшчу грузавыя цягнікі.

Як неафіцыйна 2 ліпеня даведалася RMF24, польскі ўрад вырашыў праводзіць выключна падрабязныя і дбайныя праверкі тавараў, якія ўвозяць у Польшчу чыгункай. Гэта будзе тычыцца мытнага тэрміналу ў Малашэвічах – найбуйнейшай перавалачнай станцыі ва ўсходняй Польшчы, якая мае міжнароднае значэнне. Чыгуначны памежны пераход Малашэвічы/Цярэспаль–Брэст з’яўляецца першым на ўсходняй мяжы Польшчы паводле аб’ёму грузаў. Праз гэты пункт праходзіць 90% цягнікоў з Азіі ў Еўропу. Яго называюць “сухім портам” і параўноўваюць па значэнні з портам у Гдыні. 

Транзіт праз Малашэвічы важны для эканомікі Беларусі, бо гэтым шляхам ідуць дастаўкі тавараў з Кітая. Палякі лічаць, што гэта дапаможа паўплываць на Лукашэнку.

Дзе пакуль што яшчэ адкрытая мяжа з Польшчай

Цяпер на польска-беларускай мяжы працуюць толькі два аўтамабільныя пункты пропуску: «Кукурыкі» («Казловічы» з беларускага боку) для грузавікоў і «Цярэспаль» («Брэст» з беларускага боку) — для легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў.

Памежныя пераходы «Кузніца» («Брузгі») і «Баброўнікі» («Бераставіца») не дзейнічаюць з лістапада 2021 і лютага 2023 адпаведна. Першы закрылі ў адказ на мігранцкі крызіс, штучна створаны беларускім і расійскім рэжымамі. Другі – у адказ на палітычны прысуд беларускаму журналісту польскай нацыянальнасці Анджэю Пачобуту.

Думалі адкрываць мяжу, але мігранцкі крызіс абвастрыўся

У канцы траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск казаў, што пункт пропуска «Баброўнікі» можна адкрыць цягам некалькіх дзён. Але амаль адразу пасля яго заявы спробы мігрантаў нелегальна перайсці мяжу пачасціліся, а ў выніку аднаго з нападаў загінуў польскі вайсковец.