Заслужанаму работніку Беларусі, кандыдату сельскагаспадарчых навук, кіраўніку вядомага на ўсю Беларусь паспяховага калгаса «Прагрэс-Верцялішкі» пад Гроднам было 75 гадоў.

Пра смерць Васіля Афанасьевіча Равякі паведаміў канал аблвыканкама «Пул 4 регион».

Васіль Равяка нарадзіўся 15 ліпеня 1948 года ў вёсцы Рабец Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля службы ў войску і заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута пачаў працаваць у калгасе «Прагрэс» Гродзенскага раёна. За больш чым 40 гадоў працы прайшоў шлях ад галоўнага заатэхніка да старшыні калгаса.

Васіль Афанасьевіч стварыў высокаэфектыўную гаспадарку, удзяляючы вялікую ўвагу якасці жыцця людзей і развіццю сельскай моладзі. Быў дэпутатам Саветаў дэпутатаў розных узроўняў, у тым ліку Савета Рэспублікі.

За значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі і дасягненні ў вытворчасці, быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», медалём «За працоўныя заслугі» і атрымаў званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». У 2006 годзе яму было прысвоена званне «Герой Беларусі».

Чытайце таксама: У Ваўкавыску памёр дэпутат Незалежнасці Мікалай Аксаміт