У візавых цэнтрах Польшчы мяняюцца правілы падачы дакументаў на візы. З 25 чэрвеня іх па-новаму пачнуць прымаць у Гродне і Лідзе.
Зараз у візавыя цэнтры ў Гродне і ў Лідзе змогуць падаць дакументы толькі тыя, хто прапісаны ў Гродне і ў Гродзенскай вобласці. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце кампаніі VFS Global.
Гаворка ідзе менавіта пра пастаянную рэгістрацыю па месцы жыхарства (штампе ў пашпарце). Часовая рэгістрацыя па месцы знаходжання не будзе лічыцца падставай для падачы дакументаў у гэтыя візавыя цэнтры, калі яна не супадае з рэгістрацыі па месцы жыхарства (пастаяннай). Выключэннем можа стаць толькі сітуацыя, калі заяўнік можа пацвердзіць, што сапраўды вучыцца, працуе ці мае іншыя падставы для доўгатэрміновага пражывання. Пацвярджэннем гэтага будуць арыгіналы адпаведных дакументаў.
Гродзенская вобласць была выключэннем
З 2 кастрычніка 2023 года польскія візавыя цэнтры ў Беларусі пачалі прымаць дакументы толькі па месцы рэгістрацыі чалавека. У візавыя цэнтры Мінска, Магілёва і Гомеля могуць звярнуцца тыя, хто прапісаны ў Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай або Віцебскай абласцях. У візавыя цэнтры Брэста, Пінска і Баранавічаў - тыя, хто прапісаны ў Брэсцкай вобласці. Выключэннем заставалася толькі Гродзенская вобласць — там прымалі дакументы адусюль.
Яшчэ адно адрозненне, якое пакуль засталося ў Гродзенскай вобласці, — няма асобнай катэгорыі для заяўнікаў, старэйшых за 60 гадоў, якія падаюць дакументы па запрашэнні ад дзяцей і ўнукаў. У траўні ў візавых цэнтрах Мінска, Магілёва, Гомеля, Брэста, Баранавіч і Пінска для іх дадалі новую катэгорыю ў сістэму рэгістрацыі на падачу дакументаў - «Priglashenie UW dla 60 i starshe od detej i vnukov».
Правілы змяніліся, але лягчэй не стала
Магчыма, змены дапамогуць жыхарам Гродзенскай вобласці ў рэгістрацыі на падачу дакументаў. З красавіка 2024 года зарэгістравацца ў візавы цэнтр можна толькі строга індывідуальна — з арыгіналам пашпарта і ўключанай камерай. Нягледзячы на гэта, людзі месяцамі не могуць патрапіць на падачу дакументаў, нават маючы «карту паляка».
Чытайце таксама: У Гродне часцей за ўсё адмаўляюць у польскіх візах. Якая сітуацыя з «шэнгенам» для беларусаў?