У раёне Гродзенскага мора каля вёскі Жылічы з’явіцца двухпалубны прагулачны катэр на 12 пасажыраў. На ім будуць каюты і матор ад «Мэрсэдэса». Пад катэр члены аўтарэтаклуба «Вінтаж» перарабляюць рыбацкі буксір «Грумы».
Спісаны буксір 1970 года выпуску, які раней хадзіў па Дзвіне, купілі ў Віцебскай вобласці. У сярэдзіне 2023 года яго прывезлі ў Жылічы, піша Proregion24. У аўтарэтаклубе распрацавалі праект, і ўжо пачалі рамонтна-аднаўленчыя работы паводле яго. Змяняюць матор, зразаюць усе надбудовы буксіра. Замест іх усталююць капітанскую рубку ад кабіны «Мэрсэдэса"-буса, зробяць больш сучасны дызайн. Будзе некалькі кают і палуба для адпачынку. Акрамя турыстаў катэр зможа вазіць і рыбаловаў, высаджваючы іх там, дзе ім трэба. Паслугамі катэра змогуць скарыстацца арганізаваныя групы, юбіляры, удзельнікі карпаратываў.




Генплан развіцця Гродзенскага мора — вадасховішча даўжынёй 40 км, якое ўтварылася на Нёмане пасля будаўніцтва Гродзенскай ГЭС у 2012 годзе — зацвердзілі ў аблвыканкаме ў 2018 годзе. З таго часу на яго рэалізацыю і будаўніцтва інфраструктуры сродкаў не знайшлі. У планах былі рыбацкая вёска, яхт-клуб, дэндрапарк, пракат катамаранаў і добраўпарадкаваныя пляжы. Пакуль жа ўздоўж берага раскупілі ўсе дамы, а адпачывальнікам не хапае нават смеццевых бакаў.