У Гродне пройдуць спаборніцтвы ў фармаце гарадской прыгодніцкай гонкі. У іх злучаныя спорт, экстрым і галаваломкі. Удзельнічаць у адной з трас на выбар можа кожны.
Спаборніцтвы пройдуць 6 ліпеня. Кожную каманду з двух чалавек чакаюць этапы па арыентаванні, веласпорце, вяровачныя этапы, трэба будзе вырашаць галаваломкі і пераадольваць розныя перашкоды. Таксама перад пачаткам гонкі арганізатары могуць аб’явіць і дадаць дадатковыя дысцыпліны. Удзельнікам прапануюцца трасы на выбар, якія для зручнасці пазначаны па колерах:
- забавы (жоўты) — прыкладна 10−20 км; разліковы час для пераможцаў - 1,5−2,5 гадзін (без веласіпеда);
- прыгода (сіні) — прыкладна 20−30 км; разліковы час для пераможцаў 2,5−4 гадзіны (неабходны ровар);
- экстрым (чырвоны) — прыкладна 40−50 км; разліковы час для пераможцаў 4−6 гадзіны (неабходны ровар);
- сямейная (зялёная) — прыкладна 3−5 км. Гэта траса, дзе ўдзельнікі не спаборнічаюць адзін з адным, а імкнуцца прайсці трасу цалкам. Разліковы час праходжання 1−1,5 гадзіны (без ровара).







Умовы ўдзелу
Удзельнічаць могуць зборныя ад арганізацый, гурткоў, цэнтраў турызму і краязнаўства, каманды ВНУ і спартыўных клубаў, а таксама асобныя спартсмены.
Каманды могуць быць толькі з мужчын, толькі з жанчын і змяшаныя (мужчына і жанчына). Каманды ў класе «Сямейная» не дзеляцца паводле ўзросту і полу. На трасе «Забавы» каманда павінна складацца з двух чалавек старэйшых за 16 гадоў або аднаго старэйшага за 12 гадоў і аднаго дарослага (18 гадоў і больш). На трасе «Прыгода» ў камандзе павінна быць два чалавекі, старэйшыя за 16 гадоў. На трасе «Экстрым» у камандзе павінна быць два чалавекі, старэйшыя за 18 гадоў.
Старты пачнуцца з 11.00, для розных трас у розны час. У 17.00 — закрыццё фінішу для ўсіх трас.
Для ўдзелу трэба запоўніць заяўку да 30 чэрвеня. Таксама спатрэбіцца здаць арганізацыйны ўзнос у залежнасці ад трасы і даты рэгістрацыі.
Чытайце таксама: