У Доме рыбака на вуліцы Замкавай, 10 адкрыюць кальянны бар Maldives. Яго ўладальнікам будзе Гродзенская тытунёвая фабрыка. Пра гэтага стала вядома са спіса вакансій, які апублікавала гродзенская «табачка».

Тытунёвая фабрыка адкрые ў Гродне новы бізнес — кальян-бар у цэнтры
Кальян. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com / schmitma1

Кальян-бар будзе размяшчацца на другім паверсе будынка. Там ужо размяшчаецца кавярня «Крепкий белый», а таксама нэабістро Boboli.

Каго шукаюць у новую ўстанову?

У Maldives адкрыта пяць вакансій, на якія шукаюць 14 чалавек:

  • Адміністратар

Патрабуецца два чалавекі з вышэйшай адукацыяй і вопытам працы. Абяцаюць заробак 2061,84 рублі, а таксама сацыяльны пакет.

  • Афіцыянт

Ва ўстанову шукаюць чатыры чалавекі на дзвюхзменную працу з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і вопытам працы. За гэтую працу гатовыя заплаціць амаль 1400 рублёў, таксама гарантуюць сацыяльны пакет.

  • Повар

Чатырох повараў шукаюць на кухню бара. Ад кандыдатаў патрабуюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з вопытам працы поварам 4−5 разрадаў. Заробак і сацыяльны пакет абяцаюць такія ж, як і ў афіцыянтаў.

  • Кальян-майстар

Таксама ва ўстановую патрабуецца два кальян-майстры з заробкам больш за 1500 рублёў. Кандыдаты павінны мець прафесіянальна-тэхнічную адукацыю, а таксама вопыт працы.

  • Бармэн

Яшчэ ва ўстанову шукаюць двух бармэнаў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй і вопытам працы. Заробак абяцаюць амаль 1400 рублёў і сацыяльны пакет. Рэжым працы дзвюхзменны.

Чытайце таксама: Якія новыя ўстановы з’явіліся ў Гродне за паўгода, а якія закрыліся?

Чым яшчэ «няпрофільным» займаецца тытунёвая фабрыка?

Тытунёвая фабрыка «Нёман» вырабляе бытавыя маскі, перавозіць грузы, валодае гасцініцай «DRIVE-HOTEL», базай адпачынку «Привал», паляўнічай гаспадаркай і рыбалоўнай гаспадаркай у структуры аграэкатурыстычнага комплексу «Белый Лось».