Гродзенскае праектнае бюро “Інтэлсток інжынірынг” атрымала дзве ўзнагароды за праекты будынкаў у Гродне. Іх уручылі падчас архітэктурнай прэміі IAD AWARDS 2024 ARCHITECTURE & DESIGN COMMUNITY (ADC). 

Журы прэміі адзначыла Залатой узнагародай праект Віктара Вараб’я і Вадзіма Жука ў намінацыі “Архітэктура” у катэгорыі “Карпаратыўныя і офісныя будынкі”. Гэта праект офіснага будынка на скрыжыванні вуліц Пушкіна і Дубко.

Два архітэктурныя праекты з Гродна атрымалі ўзнагароды на міжнародным конкурсе
Праект будынка на вуліцы Дубко. Крыніца: ad-c.org

Адметнасць будынка – шкляныя кансолі, якія складаюцца ў кубічную кампазіцыю. У вячэрні час будынак падсвечваецца і пераўтвараецца ў светлавую і колеравую дамінанту. Уваход у будынак знаходзіцца ў паглыбленай уваходнай групе, якая становіцца працягам вулічнай плошчы і нібыта запрашае мінакоў усярэдзіну.

У кастрычніку 2023 года гэты праект атрымаў Малы Гран-Пры ў намінацыі “Праект” падчас XXI Рэспубліканскага конкурсу на лепшы “Праект”, “Будаўніцтва”. 

Не адзіная адзнака на конкурсе

Яшчэ адзін прыз – “Срэбраную ўзнагароду IAD AWARDS 2024 ADC”  – атрымаў праект будынка тых жа архітэктараў на вуліцы Вялікай Траецкай. Гэты праект прадугледжвае ўзвядзенне будынка, які будзе адпавядаць маштабу гістарычнай забудовы цэнтра горада, але без стылізацыі і псеўдагістарызму. Канцэпцыя новага будынка натхнёная гістарычнай забудовай цэнтра Гродна. 

Два архітэктурныя праекты з Гродна атрымалі ўзнагароды на міжнародным конкурсе
Праект будынка на вуліцы Вялікай Траецкай. Крыніца: ad-c.org

Сілуэт будынка ўлічвае захаванне існуючага дрэва, што дазволіла арганізаваць пад яго кронай прастору ўваходнай групы. Дрэва стала важнай часткай кампазіцыі, якую падкрэслівае пластыка фасада. Аконныя праёмы і фасадныя прастынкі выкананы з розных тыпаразмераў з нарастаючым рытмам пры набліжэнні да ўваходнай групы, а цагляны руст паступова “раствараецца” пры аддаленні ад дрэва.

Зараз будынак знаходзіцца на фінальнай стадыі будаўніцтва. У чэрвені 2021 года гэты праект атрымаў срэбны дыплом незалежнага архітэктурнага рэйтынгу “Залатая капітэль”, дыплом ХХ Рэспубліканскага конкурсу на лепшы “Праект”, “Будаўніцтва”, а таксама трапіў у шорт-ліст Міжнароднай Прэміі Eurasian Prize.

Чытайце таксама: Новый офисный центр построят на Большой Троицкой. Авторы проекта уже получили награду

Што гэта за прэмія?

Прэмію IAD AWARDS 2024 ARCHITECTURE & DESIGN COMMUNITY (ADC) уручаюць з 2019 года. Яе задача – забяспечыць медыйнасць найлепшым праектам, якія трапляюць на конкурс з усяго свету. У журы прэміі больш за 50 архітэктараў, дызайнераў, прадстаўнікоў галінавых інстытутаў, а таксама даследчыкі і прафесары.