У 2023 годзе беларусам зноў сталі выдаваць больш шэнгенскіх візаў. Амаль усе — ад Германіі, Італіі, Польшчы, Францыі і Венгрыі. Пры гэтым у польскіх візах найбольш адмоў у консульстве ў Гродне, але тут часцей выдаюць шматразовыя візы.
Статыстыку па выдачы шэнгенскіх візаў у 2023 годзе апублікавала Еўракамісія. Пасля рэзкага падзення цягам апошніх гадоў колькасць візаў, выдадзеная беларусам, стала расці, заўважыла «Люстэрка».
Краіна | Выдадзена віз | Шматразовыя | Адмовы |
Германія | 51,9 тыс. | 95,7% | 0,8% |
Італія | 40,2 тыс. | 85,4% | 0,2% |
Польшча (консульствы ў Мінску, Брэсце, Гродне) | 31,4 тыс. | 87,2% у Мінску, 90,7% у Брэсце, 91,7% у Гродне | 10% у Мінску, 12% у Брэсце, 13,3% у Гродне |
Венгрыя | 14,4 тыс. | 73,1% | 1,5% |
Францыя | 11,8 тыс. | 67,1% | 2,3% |
Літва | 4 580 | 99,0% | 2,5% |
Эстонія | 1473 | 93,5% | 8,8% |
Латвія | 1184 | 78% | 11,4% |
Славакія | 931 | 53,6% | 1,2% |
З пададзеных беларусамі амаль 164 тысяч заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы тыпу C было задаволена 158 тысяч заявак. З іх 138 тысяч, або 87,3% - шматразовыя. Адмовы ў 2023 годзе склалі ўсяго 3,4%, але гэта амаль удвая вышэй, чым было ў апошнія гады.
Цягам 2000-х гадоў і першай паловы 2010-х гадоў Беларусь некалькі гадоў запар была лідарам у свеце па колькасці шэнгенскіх візаў, якія выдаваліся, на 1000 чалавек. У 2013 годзе беларусам выдалі 768 тысяч шэнгенскіх візаў, у 2014 — 880 тысяч, далей да 2020 года колькасць выдадзеных візаў вагалася ад 754 да 643,5 тысяч. У 2020 на фоне пандэміі адбылося рэзкае падзенне да 135 тысяч, пазней у Беларусі абвастрыўся палітычны крызіс. У 2021 годзе беларусам было выдадзена 57,5 тысячы візаў, у 2022 — ужо 118,5 тысячы. 158 тысячы, выдадзеныя ў 2023 годзе, паказваюць рост, але гэта амаль у пяць разоў меншая колькасць, чым было дзесяць гадоў таму.
Нядаўна ў Гродне пачалі выдаваць шэнгенскія візы Балгарыя і Румынія.