Іншаземец, спрабуючы прарвацца праз мяжу Беларусі з Польшчай 28 траўня, параніў нажом польскага салдата. За некалькі гадзін да гэтага ў іншым месцы мігранты парэзалі польскаму памежніку твар разбітай бутэлькай. Іншага паранілі нажом, прывязаным да палкі.
Салдата польскага войска паранілі ў раёне памежнага паста ў Дубічах Царкоўных каля 4:30 раніцы, распавялі ў прэс-службе Падляскага аддзялення Памежнай службы. Група з прыкладна 50 замежнікаў на мяжы кідалі галіны, сукі і камяні ў бок польскіх патрулёў. Калі мігранты спрабавалі гвалтоўна перасекчы мяжу, адзін з іх ударыў польскага салдата нажом. Першую дапамогу пацярпеламу аказаў афіцэр памежнай службы. У гэты час замежнікі працягнулі нападаць на параненага і афіцэра, які аказваў дапамогу. Параненага і афіцэра прыкрылі аўтамабілямі. Салдата на машыне хуткай дапамогі адвезлі ў шпіталь.
У іншым месцы на мяжы, у раёне памежнага паста ў Белавежы, на афіцэра памежнай службы напалі з разбітай бутэлькай. З траўмамі твару яго даставілі ў бальніцу.
Раней у службовай зоне памежнага паста ў Дубічах Царкоўных група з дзевяці замежнікаў спрабавала незаконна перасекчы мяжу, пры гэтым адзін з іх параніў памежніка ў руку. Ён выкарыстоўваў палку з прымацаваным да яе нажом. Памежніку таксама аказалі дапамогу ў бальніцы.
Актыўнасць на мяжы вырасла
У апошнія месяцы пачасціліся выпадкі нападу замежнікаў на службы, якія ахоўваюць польска-беларускую мяжу, у выніку чаго пацярпелі чатыры памежнікі. Мігранты кідаюць камяні, галінкі, бутэлькі, носяць з сабой небяспечныя інструменты, нажы, страляюць з рагатак, падзяліліся ў польскай прэс-службе. Цярпяць і службовыя аўтамабілі, ёсць з пабітым шклом і пашкоджаным кузавам.
Травень стаў рэкордным з пачатку міграцыйнага крызісу месяцам па актыўнасці замежнікаў, якія імкнуцца незаконна патрапіць у Еўрасаюз з боку Беларусі, піша «Позірк» са спасылкай на статыстыку пагранічных ведамстваў. У маі 2024 года пагранічныя службы Польшчы, Латвіі і Літвы зафіксавалі 6 647 нелегальных перасячэнняў мяжы з тэрыторыі Беларусі. Гэта самы высокі паказчык за ўвесь час міграцыйнага крызісу, які грымнуў на мяжы Беларусі і ЕС вясной 2021 года. Папярэдні рэкорд быў устаноўлены ў красавіку 2024 года, калі было зафіксавана 6327 спроб незаконнага пранікнення.
Чытайце таксама: С открытием границы в «Бобровниках» могут быть проблемы: не готова «Берестовица» с белорусской стороны