Міліцыянт Уладзімір Казлоўскі, які ўдзельнічаў у правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага ў 2020 годзе, падаў пазоў у суд для «кампенсацыі маральнай шкоды па справах гонару і годнасці». Падсудны — мінчук Міхаіл Тарасевіч, ужо асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд па разглядзе пазову Казлоўскага запланаваны на 19 чэрвеня 2024 года, піша «Наша Ніва».
Міхаілу Тарасевічу 48 гадоў. Ён ужо адбывае пакаранне. Мужчыну затрымалі 10 траўня 2022, змясцілі ў СІЗА. Яго абвінавачвалі па шасці артыкулах: «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «гвалт або пагроза гвалту ў адносінах да службовай асобы» (ч. 1 і ч. 2 арт. 366 КК), «гвалт або пагроза гвалту ў адносінах да міліцыянта» (арт. 364 КК), «абраза суддзі» (арт. 391 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). У лістападзе 2022 года Міхаіла Тарасевіча асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і выплату 49 тысяч рублёў кампенсацыі.
На 29 траўня 2024 запланаваны чарговы суд над Міхаілам. Яго абвінавачваюць яшчэ па трох артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Імаверна, яго чакае павелічэнне тэрміну пакарання.
Таксама 19 чэрвеня будуць разглядаць пазоў амапаўца Яўгена Сарокіна. Згодна з каналам «Карнікі Беларусі», ён разганяў пратэсты ў Гродна.
Хто такі Казлоўскі?
Уладзімір Казлоўскі - міліцыянт, які на пікеце па збору подпісаў за Ціханоўскую 29 траўня 2020 года ў Гродне паваліўся на зямлю. Тады і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, пазней асудзіўшы на 18 гадоў калоніі. У «пацярпелага» міліцыянта выявілі ўдар пярэдняй брушной сценкі, але яго не шпіталізавалі. Была заведзеная крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў унутраных спраў. У палітычных справах Казлоўскі ўдзельнічаў і раней.
Пасля выпадку з Ціханоўскім Казлоўскага асудзілі ў грамадстве. Яго вінавацілі ў прытворстве. У Брэсце нават з’явіўся стрыт-арт паводле падзей з міліцыянтам, праўда, ён не правісеў і дня.
Стаў начальнікам штаба
У 2020 годзе Уладзімір Казлоўскі быў старшым лейтэнантам міліцыі і працаваў старшым участковым інспектарам грамадскага пункту аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна). Зараз ён займае пасаду начальніка штаба Аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Гродна.
Заробак на маральных пакутах
Казлоўскі пачаў адсуджваць кампенсацыі за свае нібыта маральныя пакуты. На адным з судоў ён тлумачыў, што яму прыйшло «больш за тысячу абраз, пагроз прымянення гвалту ў дачыненні да яго, яго родных і блізкіх». Каментар аднаго з абвінавачаных нібыта «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадскай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафесійныя якасці».
У траўні 2021 на гродзенскіх судах па «Справе Ціханоўскага» ўчастковы Казлоўскі запатрабаваў ад аднаго з абвінавачаных 8000 рублёў маральнай кампенсацыі. 2 верасня 2021 года за абразу Казлоўскага асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» мінчука Руслана Літвіна. Яму давялося выплаціць Казлоўскаму 1500 рублёў. 27 кастрычніка 2021 года мінчук Андрэй Васілеўскі атрымаў 2,5 гады «хатняй хіміі» за каментары ў «Аднакласніках» пра Казлоўскага. У снежні 2021 года суд Савецкага раёна Гомеля асудзіў 47-гадовага дальнабойшчыка Андрэя Дзямідава на тры гады «хіміі» — зноў за каментар у «Аднакласніках» пра міліцыянта.
У траўні 2022 года за абразлівы каментар пра Казлоўскага ў «Аднакласніках» на 1,5 гады «хатняй хіміі» асудзілі выхавацельку з дзіцячага сада ў Баранавічах Святлану Анціпкіну. З яе спагналі 1,5 тысячы рублёў на карысці міліцыянта. 800 рублёў жанчына пералічыла за дзень да суда.
Праўда, не заўсёды Казлоўскага чакаў поспех. Ужо ў чэрвені 2022 стала вядома, што аналагічную справу за каментар пра Казлоўскага супраць Алены Бабко ў Ляхавічах спынілі. Суддзя палічыла, што дзеянне не ўяўляла вялікай грамадскай небяспекі, да таго ж з моманту напісання каментара мінула два гады. Незадаволеным застаўся і іск на 2000 рублёў аб кампенсацыі за маральныя пакуты міліцыянта.
Агулам Казлоўскі на 2022 год змог спагнаць за абразу сябе больш за дзесяць тысяч рублёў.