Найлепшым горадам для бізнесу ў Беларусі прызналі Гродна. Цырымонія ўзнагароджання адбылася на 16-м рэспубліканскім конкурсе “Найлепшы горад (раён, вобласць) для бізнесу ў Беларусі”, паведаміла БелТА. 

Погляд на гістарычны цэнтр Гродна ноччу. У цэнтры - Фарны касцёл. Фота: iStock
Гродно. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: iStock

Таксама з Гродзенскай вобласці намінацыю атрымаў Шчучынскі раён – “Найлепшы раён вобласці для бізнесу Беларусі з насельніцтвам менш за 50 тыс. чалавек”. Найлепшая вобласць для бізнесу ў Беларусі – Мінская. 

“У тых абласцях, якія перыядычна прызнаюцца найлепшымі для вядзення бізнесу, назіраецца ўсплёск дзелавой актыўнасці”, — сказаў старшыня Гродзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва Ігар Чарнякоў. Таксама, на яго думку, павышаецца інвестыцыйная прывабнасць рэгіёна. 

Чытайце таксама: Гродна — найлепшы абласны цэнтр па колькасці гандлёвых плошчаў. Іншыя рэгіёны моцна адстаюць

У 2022 годзе Гродзенскую вобласць прызналі на гэтым конкурсе найлепшым рэгіёнам для вядзення бізнесу. На той момант у ёй было 35 тыс. суб’ектаў малага і сярэдняга бізнесу. З іх 28 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькі прадпрымальнікаў у Гродзенскай вобласці

Паводле стану на 1 студзеня 2024 года, у Гродзенскай вобласці 35 934 суб’ектаў малага і сярэдняга бізнесу: 27391 індывідуальны прадпрымальнік і 8543 арганізацыі. З іх 36% займаюцца гандлем або рамонтам аўтамабіляў ці матацыклаў, 16% – транспартнай дзейнасцю, складаваннем, паштовай і кур’ерскай дзейнасцю, 9% – будаўніцтвам.

Чытайце таксама: Барометр беларускіх гарадоў: Гродна саступіў Брэсту