Упакоўшчык адной з фірмаў у Гродне выйшаў з дому ў 13.20 і “прадэманстраваў” на левай руцэ татуіроўку “А.С.А.В”. Гэта палічылі распаўсюдам экстрэмісцкай інфармацыі. Мужчыну судзілі паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП.
Мужчына прызнаў віну. Суд Ленінскага раёна Гродна вырашыў аштрафаваць яго на 30 базавых велічынь (1200 рублёў) без канфіскацыі. Ці палічылі б у гэтым выпадку “сродкам учынення правапарушэння” руку, не ўдакладнілі.
A.C.A.B. – абрэвіятура ад “All Cops Are Bastards” (“Усе копы — ублюдкі”). Брытанскія музыкі папулярызавалі яе ў 70-х. Яе выкарыстоўвалі падчас забастовак. Надпісы “А.С.А.В” і “С.Л.О.Н” на любым носьбіце, уключаючы сцягі, адзенне, татуіроўкі, прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэнні суда Аршанскага раёна ў 2018 годзе.
У верасні 2023 года за татуіроўкі “A.C.A.B.” і “Пагоня” затрымалі гродзенца, у траўні 2024 года – пару са Слоніма за фатаграфію тату.



