Зміцер і Вольга Фурманавы. Крыніца: асабістая старонка Вольгі ў Facebook
Гродзенцы Зміцер і Вольга Фурманавы адкрываюць у цэнтры Вільні краму і творчую прастору «Kropka». Там будуць прадаваць рамесныя вырабы і праводзіць майстар-класы і выставы. На першы бізнес пару натхніла чаканне дзіцяці.
Абноўлена. Адкрыццё крамы пройдзе 19 траўня
Крама знаходзіцца ў старым горадзе па адрасе вуліца Savičiaus, 6. У новай беларускай краме ў Вільні сужэнцы будуць прадаваць вырабы рамеснікаў і тавары з беларускай і літоўскай сімволікай. У другім пакоі крамы яны плануюць рабіць майстар-класы, выставы, прэзентацыі, прагляды фільмаў ды іншыя імпрэзы. Зараз пара кліча майстроў і рамеснікаў да супрацоўніцтва.
Сярод розных варыянтаў назвы для крамы абралі «Kropka» — бо крама і творчая прастора ў адным месцы мусіць стаць кропкай збору розных людзей па розных інтарэсах. «Будзе здорава, калі такія прасторы, якія збіраюць беларусаў, будуць па ўсім свеце», — кажа Вольга Фурманава.
На стварэнне крамы Вольгу Фурманаву натхніла… цяжарнасць. «Я пачала задумвацца, што будзе пасля нараджэння дзіцяці, як мы будзем далей жыць, бо невядома, ці будуць нейкія выплаты па цяжарнасці. І вось тры месяцы таму, прачнуўшыся ранкам, сказала мужу, што хачу сваю краму. Муж мяне падтрымаў і з таго дня кожны дзень марыла пра гэта, запісвала ідэі», — расказала Вольга.
Апошнія дзесяць гадоў усе яе працы былі звязаныя з продажам, але ўласны бізнес — гэта новае і для яе, і для Змітра. Яны рыхтаваліся: думалі, што патрэбна, каб адчыніць краму, запісаліся на курсы прадпрымальніцтва, знайшлі, як аформіць фірму, арандавалі памяшканне, зрабілі рамонт, а зараз устанаўліваюць мэблю.
Зміцер Фурманаў - палітвязень, якога асудзілі па «справе Ціханоўскага». Яго затрымалі ў канцы траўня 2020 года на пікеце па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую і вынеслі разам з крэслам, на якім ён сядзеў. Фурманава абвінавацілі па ч.1 арт. 342 КК «Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Паводле пракурора, ён дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароду. Падчас судовага следства Зміцер правёў некалькі тыдняў у карцары турмы № 1 Гродна. Пасля вынясення прысуду яго накіравалі ў папраўчую калонію № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба. Амаль увесь час у калоніі, пасля пераводу з СІЗА № 1 Гродна, ён правёў у карцары. 21 кастрычніка ён выйшаў на свабоду з калоніі і ў той жа дзень пакінуў Беларусь. 30 кастрычніка 2021 года пасля Кіева ён прыехаў у Вільню і сустрэўся з Вольгай. Увесь час зняволення Вольга, на той час дзяўчына Змітра, чакала яго. Яна нават трымала галадоўку каля СІЗА ў Мінску на знак пратэсту супраць яго незаконнага затрымання і пазней у Вільні, калі трымаў галадоўку Зміцер. Ужо за мяжой пара пабралася шлюбам.
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…