Сяргей Ціханоўскі падрыхтаваў правакацыю 29 траўня 2020 года загадзя, змовіўшыся з астатнімі фігурантамі крымінальнай справы. Участковым з Гродна Казлоўскаму і Хвалене паведамілі, што жанчына прыставала да Ціханоўскага. Міліцыянты падышлі, каб пагаварыць з ім. Блогер пачаў іх ігнараваць і сыходзіць з плошчы, гэта значыць, аказаў непадпарадкаванне. Таксама ён справакаваў канфліктную сітуацыю, даючы саўдзельнікам знак аб пачатку беспарадкаў. Гэта версія падзей, якую распавёў пракурор Мыслівец у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 18 студзеня.

Дзмітрыя Фурманава прызналі абвінавачаным паводле ч. 1 арт. 342 — удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яўгена Разнічэнка і Уладзіміра Кнігу — па тым жа артыкуле і арт.364 — гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Рыхтаваліся за год

Па версіі дзяржабвінавачання, гродзенцы Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка дзейнічалі групай асоб па папярэдняй змове па раней распрацаваным плане. Яны таксама згаварыліся са Статкевічам, Севярынцам і Ціханоўскім яшчэ ў 2019 годзе, заявіў пракурор.

29 траўня 2020 года Сяргей Ціханоўскі выкарыстаў збор подпісаў, каб правесці агітацыю і выказаць сваё меркаванне аб грамадска-палітычнай сітуацыі. На думку дзяржабвінавачання, сапраўдная мэта мерапрыемства — гэта «групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з непадпарадкаваннем улады і пацягнуўшыя парушэнне працы транспарту».

У якасці правакацыі Ціханоўскі выкарыстаў спецыяльную лінію паводзін — грэбліва ставіўся да прадстаўнікоў улады і публічна аказаў непадпарадкаванне патрабаванням участковым Казлоўскаму і Хвалене.

В Гродно начали судить трех человек по «делу Тихановского»

"Рыхтаваліся за год, згаварыліся са Статкевічам". Пракурор распавёў, што адбылося ў дзень затрымання Ціханоўскага ў Гродне
Сяргей Ціханоўскі ў Гродне 29 траўня. Фота: Руслан Кулевіч

Дзмітрый Фурманаў, па словах пракурора, дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Ён быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці і актывістам «пратэстнага руху» Ціханоўскага «Страна для жизни». Па словах пракурора, «Страна для жизни» — гэта «падкантрольная інфармацыйная сетка для абмену матэрыяламі і ўказаннямі па разварушванні пратэстных настрояў».

Спланаваў правакацыю

У той дзень, 29 траўня, Сяргей Ціханоўскі прыехаў на Савецкую плошчу, выкарыстоўваючы канспірацыю. З ім прыехаў Аляксандр Арановіч (удзельнік каманды YouTube-канала «Страна для жизни», прызнаны палітвязнем — Hrodna.life). Ён апрануўся як Ціханоўскі і суправаджаў яго, ахоўваючы і дапамагаючы, распавёў пракурор у судзе.

Нехта сказаў міліцыянтам Казлоўскаму і Хвалене, што жанчына прыстае да Ціханоўскага. У 19.54 яны падышлі да блогера, а ён дэманстратыўна і грэбліва не рэагаваў на патрабаванні ўчастковых і пачаў сыходзіць з месца здарэння. Гэтым, на думку пракурора, ён справакаваў канфліктную сітуацыю і даў знак саўдзельнікам аб пачатку «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

У пацярпелых — фізічны боль і пабоі

Пасля гэтага гродзенцы па распрацаваным плане ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, каб адцягнуць увагу ад Ціханоўскага. Яўген Разнічэнка ў 19.54 схапіў Казлоўскага і прытрымліваў рукамі за тулава, рукі і форму, адцягваючы ад блогера. А потым паваліў на тратуарную плітку. Іншыя прысутныя двойчы ўдарылі Хваленю нагамі ў тулава і па нагах. Штурхаючыся, гродзенцы двойчы ўдарылі Казлоўскага ў тулава і галаву невядомымі прадметамі.

Па словах пракурора, міліцыянты атрымалі фізічны боль і пабоі. Акрамя таго, у Хвалені з формы адарвалі рэгістратар і пашкодзілі службовы мегафон. З формы Казлоўскага адарвалі знак МУС і пашкодзілі яму форменныя чаравікі. Усё адбылося за тры хвіліны.

"Рыхтаваліся за год, згаварыліся са Статкевічам". Пракурор распавёў, што адбылося ў дзень затрымання Ціханоўскага ў Гродне
29 мая ў Гродне. Фота: Руслан Кулевіч

А 19.59 каля Савецкай, 1 камандзіры рот АМАП Рахунок (раней праходзіў пацярпелым паводле арт. 364 КК) і Буднік затрымалі Ціханоўскага і вялі ў службовы аўтамабіль. Уладзімір Кніга рэзка зачыніў бакавыя дзверы спецтранспарту, пашкодзіўшы механізм. Гэтым ён нанёс аўтагаспадарцы УУС шкоду ў 229 рублёў. Пасля гэтага Кніга нанёс Рахунку адзін удар рукамі ў вобласць левай рукі і тулава. А таксама хапаў, здушваў і ўтрымліваў пацярпелага за форму і розныя часткі цела, у тым ліку шыю, адцягваючы ад Ціханоўскага.

Прысутныя нанеслі Будніку не менш аднаго ўдару ў тулава, рукамі - па розных частках цела. У выніку пацярпелыя адчулі фізічны боль, у іх зафіксавалі пабоі. У 20.01 прысутныя выйшлі на праезную частку, перашкаджаючы рух спецтранспарту і тралейбусу, пакуль іх не спынілі сілавікі. Усё гэта здымалі на відэа аператары Ціханоўскага Арцём Сакаў і Вяргілій Ушак (іх затрымалі 29 траўня, пазней іх прызналі палітвязнямі, Ушака выпусцілі з СІЗА 29 ліпеня — Hrodna.life) для прапаганды непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі, заявіў пракурор.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life