Святкаванне Дня Перамогі ў Гродне пачалі з акцыі “Беларусь памятае” – шэсця з партрэтамі ўдзельнікаў вайны па Савецкай. Таксама быў марш кадэтаў, вальс на плошчы і нават сплаў на байдарках з партрэтамі ўдзельнікаў вайны. Свята завяршылі канцэртам расійскага гурта “Любэ” і салютам.
У шэсці па Савецкай удзельнічалі каля дзвюх тысяч чалавек, расказалі на “Гродна Плюс”: кіраўнікі вобласці і горада, усе дэпутаты, прадстаўнікі адміністрацый, грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў, партый, прафсаюзы, студэнты, школьнікі, калектывы прадпрыемстваў і гараджане. Шэсце завяршылася ля Вечнага агню ў парку Жылібера.









Была і калона з расцяжкай “Бессмертный полк” – расійскага руху, акцыі якога ў Беларусі звычайна забаранялі, а арганізацыйнаму камітэту адмаўляюць у рэгістрацыі. Замест іх праходзіла аналагічная акцыя “Беларусь памятае” – таксама шэсце з партрэтамі ўдзельнікаў вайны, але з чырвона-зялёнымі бутаньеркамі з кветкай яблыні замест георгіеўскіх стужак. У гэтым годзе дзве акцыі прайшлі адначасова. На ўдзельніках калоны ў Гродне былі георгіеўскія стужачкі і расійскі трыкалор, у руках – сцягі ваенна-марскога флота СССР.


Яшчэ да пачатку мерапрыемстваў памочнік Лукашэнкі Юры Караеў усталяваў на Гродзенскім драматычным тэатры копію сцяга, вывешанага на Рэйхстагу ў Берліне пры яго ўзяцці. “На ім указана дывізія, корпус і трэцяе ўдарнае войска, у складзе якой ваявалі гэтыя людзі, якім выпала цяжкае выпрабаванне і адначасова гонар штурмаваць Берлін з астатнімі злучэннямі і аб’яднаннямі Чырвонай Арміі, увайсці, як зараз кажуць, у цэнтр прыняцця рашэнняў, у логава фашысцкага звера, у Рэйхстаг і падняць над галоўнай кропкай Берліна, а такім чынам і ўсяго тагачаснага нацызму, Сцяг Перамогі”, – сказаў пры гэтым ён.

На плошчы Тызенгаўза выставілі ваенную тэхніку. У парку Жылібера паставілі «Алею ўсталяваных пляцовак»: там была і “Медсанчастка” з перабінтаваным манекенам з чырвонымі плямамі, і “Кіно на прывале” і “Партызанскі лагер”.






У «Паўстанках часу» на Савецкай гродзенцам паказалі, як выглядаў хлеб па талонах. За “салдацкай” кашай розных відаў выстраілася вялікая чарга. Кашу раздавалі ў аднаразовых кубачках.












Незвычайны фармат акцыі “Беларусь памятае” арганізавалі на Аўгустоўскім канале: удзельнікі сплаўляліся на байдарках з партрэтамі тых, хто ваяваў, на выратавальных камізэльках.


Увечары на Савецкай плошчы выступіў расійскі гурт “Любэ”. На канцэрце прысутнічалі Уладзімір Каранік і Юрый Караеў. Дзень завяршыўся песеннай акцыяй і салютам.



Чытайце таксама: Да двух сутак. Як беларусы стаяць у чэргах на мяжы 9 траўня


