У Гродне закрываецца “VIP bar” на Дзяржынскага, 8А – не прапрацаваўшы і двух месяцаў. Ён адкрыўся ў сакавіку на месцы “HIP bar”, а з фішак быў безліміт на алкаголь за фіксаваную суму за вечар.

Прычынай закрыцця ў сацсетках называюць “вялікую колькасць тэхнічных прычын”. Развітальныя “грандыёзныя вечарынкі” пройдуць з 9 па 14 траўня. У гэты час ва ўстанове будуць скідкі 40% на ўвесь асартымент бара і піва за 4 руб. Таксама абяцаюць розныя акцыі на алкаголь з уключаным бясплатным уваходам: “піўны безліміт” за 40 руб., безліміт на кактэйлі за 50 руб. Без акцыі ўваход будзе каштаваць 10 руб.

Пасля закрыцця ўстановы ўладальнікі працягнуць гатаваць сушы, але ўжо толькі з дастаўкай – праўда, бясплатнай. “Мы яшчэ вернемся і абавязкова здзівім Вас”, – абяцаюць у бары.

“VIP bar” размясціўся ў будынку былога таксапарку. Установа адкрылася, не змяніўшы інтэр’ер пасля свайго папярэдніка «HIP bar». У меню прапаноўвалі сушы, на бары – безлімітны алкаголь за аднаразовую аплату 40 рублёў за вечар. Для забаў – жывую музыку, go-go танцы, настольныя гульні і камплекты для гульні ў «Мафію», пляцоўку для шашлыка (мангал і мяса трэба было прынесці з сабой). Бар вызначыў час працы ў фармаце начнога клуба і толькі з чацвярга па нядзелю: па чацвяргах і нядзелях – з 18:00 да 04:00, па пятніцах і суботах – з 18:00 да 06:00.

Чытайце таксама: Памятаеце вінны бар «Чырвоным па белым»? Ягоная ўладальніца адкрыла італьянскую кавярню ў Скідалі – і вось як ідуць справы