У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы Маставой, 40А і 40Б. Атрымаецца невялікі айцішны квартал побач з “Прыёрбанкам”, будынкам БІП і піўзаводам, які зараз на рэканструкцыі.

Раней на гэтым месцы размяшчаліся будынкі, якія не з’яўляліся аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны – таму іх знеслі.
“Быў прыняты прынцып фармавання сучасных аб’ектаў, якія падпарадкоўваюцца гістарычнаму асяродку, які атрымаў шырокае выкарыстанне ў гістарычных частках еўрапейскіх гарадоў. Аб’екты, якія праектуюцца, дапаўняюць агульныя візуальныя перспектывы на гістарычныя будынкі”, — пісалі яшчэ восенню 2020 года на сайце праектнага бюро “Інтэлсток Інжынірынг”, якое распрацоўвала праект будынкаў.

Побач з офісным цэнтрам будуць велапаркоўкі — такое было патрабаванне заказчыка праекта. Тэрыторыю побач азеляняць.
Што за кампанія, для якой пабудавалі будынак
IT-кампанія “Афранс” існуе з 2018 года і займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння на экспарт. Асноўныя партнёры кампаніі – краіны Паўночнай Амерыкі. Фірма – рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій. У профілі кампаніі на LinkedIn пазначаны яе памер – 51-200 супрацоўнікаў.





Што на гэтым месцы размяшчалася раней
Раней тут размяшчалася грамадская лазня. У 2018 годзе будынак прызналі аварыйным і знеслі. Зямельны ўчастак выставілі на аўкцыён. У снежні 2018 года яго выкупілі за 67 тысяч рублёў.
Па ўмовах аўкцыёну ўладальнік павінен пабудаваць адміністрацыйна-гаспадарчы аб’ект вышынёй не больш за два паверхі з мансардай.


