Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі знайшлі сярод іх і незадэклараваныя рэчы — за іх далі штраф у 30% ад кошту прадмета правапарушэння (554,94 рубля). Справу паводле ч. 1 арт.15.5 КаАП разгледзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.
У пункце пропуску, праз які ехала гродзенка, яна задэкларавала:
- мыліцы б/у;
- хадункі б/у;
- інвалідны вазок без электрапрывада б\у;
- крэсла для душа б/у;
- тэкстыль/адзенне б/у ў скрынках;
- тэкстыль/адзенне б/у ў мяшках;
- абутак б/у;
- падушку б/у;
- дзіцячае аўтамабільнае крэсла б/у;
- ложак бытавы, драўляны б/у;
- ровар б/у;
- дзіцячую калыску б/у;
- матрац б/у;
- керамічны кухонны посуд б/у.
На гэта была мытная накладная. Заяўлены кошт — € 13 756, вага брута -13 141 кг. Памежнікі правялі дагляд і знайшлі яшчэ 41 скрынку абутку і сем мяшкоў адзення на 1849,79 рублёў або 46,24 базавых адзінак. Менавіта за іх гродзенку і аштрафавалі. Ці належылі гэтыя рэчы таксама рэлігійнай місіі, невядома.
У Гродзенскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла дзейнічае рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас». Супольнасць дапамагае бедным, хворым, людзям з інваліднасцю і тым, хто апынуўся ў складанай сітуацыі.
Чытайце таксама: Штрафы на € 816 тысяч, канфіскавалі больш за € 290 тысяч — як у Гродне каралі за недэклараванне на мяжы