Пад Седльцамі ў Польшчы аўтобус, у якім ехалі 14 беларусаў, з’ехаў з дарогі і ўрэзаўся ў дрэва. Ён быў на нумарах Гродзенскай вобласці, належыць Лідскаму аўтобуснаму парку. Сем чалавек з аўтобуса патрапілі ў бальніцу.
Інцыдэнт адбыўся пасля 6 раніцы па польскім часе 24 красавіка каля Седльцах (Мазавецкае ваяводства Польшчы), піша Tygodnik Siedlecki.
Па папярэдніх звестках, кіроўца аўтобуса «Гданьск-Мінск» з невядомых прычын страціў кіраванне на павароце дарогі. Аўтобус з’ехаў у кювет, перавярнуўся на бок і ўрэзаўся ў дрэва. Лабавое шкло аказалася цалкам выбітым.
У бальніцы з траўмамі даставілі сем чалавек. Пагрозы для іх жыцця няма. Для тых, хто не пацярпеў, арганізавалі ратаўнічы аўтобус, каб людзі маглі дачакацца падменнага аўтобуса і працягнуць шлях.





Вядома, што кіроўца быў цвярозым. На месцы здарэння працуюць супрацоўнікі паліцыі, рух па дарозе адкрыты, расказала прэс-сакратар паліцыі Седльцэ Эвеліна Радамыска.