Новая будоўля хутка пачнецца паблізу цэнтра горада, у межах вул. Савецкіх Пагранічнікаў - Манюшкі - Нямцэвіча — Сыракомлі. Там з’явіцца вялікі 8-секцыйны жылы комплекс зменнай паверхавасці - яшчэ вышэйшы за свежазбудаваны «Купальскі». За год меркаваная плошча забудовы павялічылася з 1,63 да 3,67 га, заўважыў канал Urban Hrodna. Грамадскія абмеркаванні праекта пройдуць з 16 па 30 красавіка.

У рамках праекта плануюць узвесці жылы комплекс з секцыямі ў 8, 10, 12 і 14 паверхаў:

  • на першым паверсе — убудаваныя адміністрацыйна-бытавыя памяшканні і жылыя;
  • 2−14 паверхі: жылыя кватэры;
  • падвальны паверх: паркінг на 239 месцаў, тэхнічныя памяшканні.

Крайнія секцыі будуць вышэйшымі, сярэднія — ніжэйшымі. Дом разлічаны на 418 кватэр.

Будынак будзе мець зігзагападобную форму. Вышыня жылога паверха складзе 3 м.

Падземны паркінг часткова размесціцца пад жылой часткай дома. Ён злучыцца з жылой часткай з дапамогай ліфтаў праз тамбур-шлюзы 1-га тыпу. Гарышчаў не будзе.

У секцыі 6 будзе пажарны праезд у арцы і пешаходны праход паміж вул. Сыракомлі і Нямцэвіча (замест часткі вул. Сыракомлі). Уваходы ў жылыя памяшканні і ўбудаваныя гандлёвыя кропкі будуць даступныя і з боку Савецкіх пагранічнікаў, і з боку двара (прахадныя пад’езды).

Праект новага жылога комплексу на Савецкіх пагранічнікаў
Схема новага жылога комплексу на Савецкіх пагранічнікаў. Крыніца: Urban Hrodna

На прылеглай тэрыторыі зробяць пляцоўкі для гаспадарчых мэтаў, для адпачынку дарослых, дзіцячую і спартовую пляцоўкі, веластаянку. Прадугледжана безбар’ернае асяроддзе.

Вакол зробяць газоны, пасадзяць хмызнякі і жывую агароджу, асобныя дрэвы.

Побач запланавана 138 машынамесц на адкрытых стаянках (паводле табліцы ведамасці пляцовак - 144). Агулам запраектавана 383 парковачныя месцы, паркоўка на пяць месцаў ужо існуе.

Забудоўшчык — ТДА «Айрон» (той жа, што і ў суседняга «Купальскага»), замоўца будоўлі - ТАА «СтройФормула».

Панарама вуліцы змяняецца

Дом збудуюць побач з комплексам «Купальскі» — ён будзе вышэйшым за яго на 4 паверхі. Абодва комплексы істотна змяняюць панараму цэнтральнай часткі вуліцы. За імі на вул. Купальскай хаваецца частка прыватнага сектара, якая пазбегла зносу. Гмахі будуюцца ўсутыч з аднапавярховымі дамамі і закрываюць іх ценем.

Надзел пад будоўлю выстаўлялі на продаж летам 2023 г. Для будаўніцтва трэба будзе знесці прыватныя дамы і надзелы, якія там размешчаны. Тады жыхары былі гэтаму зусім не рады — многія дамы дыхтоўныя, надзелы дагледжаныя, а гаспадары жылі там дзесяцігоддзямі. Адзін дом на Сыракомлі толькі скончылі будаваць. Знос яшчэ не пачалі. Паводле схемы, пад яго трапляе 16 пабудоў. Паводле ранейшых падлікаў, ён абыдзецца ў 1 986 851,70 руб.

Калі пройдуць грамадскія абмеркаванні

Грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 16 па 30 красавіка 2024. Заўвагі і прапановы прымаюць пісьмова:

  • Гродзенскі гарвыканкам (пл. Леніна, 2/1, 230 023; gorisp@gorod.grodno.by),
  • Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва (пл. Тызенгаўза, 3, 230 023; arhitektura@gorod.grodno.by),
  • у часопісе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі ва ўпраўленні архітэктуры.

Пабачыць праект можна будзе з 16 па 30 красавіка (8:00—17:00, панядзелак-пятніца) у вестыбюлі ўпраўлення будаўніцтва і архітэктуры. Прэзентацыя праекта пройдзе 25 красавіка, у 15.00 у будынку ўпраўлення архітэктуры, на першым паверсе, кабінет 1.

Усе прапановы разгледзяць на гарадской архітэктурна-горадабудаўнічай радзе. Вынікі абмеркаванняў з’явяцца на сайце гарвыканкама да 14 траўня.