Уладальнікаў дзвюх гродзенскіх устаноў аштрафавалі за рэкламу ў цэнтры горада, які ўваходзіць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яна там з’явілася незаконна. Гарвыканкам абследаваў фасады будынкаў і знайшоў шыльды і кранштэйны, на якія не даваў дазволу.
Супрацоўнікі аддзела размяшчэння вонкавай рэкламы «Праектнае бюро ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама» правялі абследаванне фасадаў у цэнтры горада. Аказалася, што на двух будынках адной з вуліц размясцілі чатыры рэкламныя шыльды, два светлавыя кранштэйны (апоры — Hrodna.life) і пяць рэкламных маркізаў (навесаў — Hrodna.life).
Верагодна, іх устанавіла сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «ДэмсаГруп». Фірма валодае ўстановамі «Поляна City» і «Pablo Restobar».
Улады папярэдзілі фірму аб неабходнасці дэмантажу, але іх зварот праігнаравалі і рэкламу не знялі.
Так справа дайшла да суда. Па ч. 1 арт.13.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб рэкламе» 25 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна фірму аштрафавалі на 25 базавых велічынь (1000 рублёў).
Чытайце таксама: У Гродне адрамантуюць фасады дамоў, прызнаных гісторыка-культурнай каштоўнасцю