Навіны

Кнігу пра гісторыю Заходняй Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Яе аўтар — былы сілавік

Кнігу «Недазволеная памяць: Заходняя Беларусь у дакументах і фактах: 1921−1945» Аляксандра Татарэнкі ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне аб унясенні кнігі ў спіс прыняў суд Баранавіцкага раёна 5 красавіка 2024. Гэта не першая кніга Татарэнкі, якую прызналі «экстрэмісцкай».

Пра што кніга «Недазволеная памяць»

Кніга выйшла ў 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў серыі «Белыя плямы беларускай трагедыі». «Недазволеная памяць» ахоплівае гісторыю Заходняй Беларусі з 1921 па 1954 гады, тэкст базуецца на архіўных здымках і дакументах.

У прадмове аўтар адзначае, што кніга — спроба рэанімаваць гістарычную памяць і «пераадолець адназначнасць у ацэнцы падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і ў прыватнасці ў Баранавіцкай вобласці ў 20−50-я гады XX стагоддзя». Сярод іншага, аўтар разглядае такія вынікі аб’яднання, як рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі насельніцтва, прымусовая калектывізацыя, саветызацыя грамадства. Закранае Татарэнка і складаныя тэмы дзейнасці беларускіх арганізацый пад нямецкай акупацыяй і супрацоўніцтва беларускіх дзеячоў з акупацыйнымі ўладамі.

Азнаёміцца са зместам кнігі (у фармаце pdf) можна па спасылцы. Не захоўвайце яе на сваёй прыладзе, калі знаходзіцеся ў Беларусі, бо за гэта прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне.

Аб аўтары: скончыў ваеннае вучылішча, служыў у Камітэце па арганізаванай злачыннасці, напісаў яшчэ адну «экстрэмісцкую» кнігу

Аляксандр Татарэнка нарадзіўся ў 1963 годзе ў Лідзе, выхоўваўся ў дзіцячых дамах. Пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага ваеннага вучылішча імя Андропава ў 1984 годзе служыў ва Узброеных сілах СССР. Пазней, да 2000 года, быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах у Камітэце па арганізаванай злачыннасці і карупцыі пры МУС РБ. Гэта структура, якая ў 2004 годзе была ператворана ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе ў арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй — сумнавядомы сёння ГУБАЗіК, адказны за масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

З 2001 года пачаў публікаваць матэрыялы, у якіх даследаваў нямецкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі.

У 2017 годзе Татарэнка выдаў кнігу «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944−1954». Яе прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 6 снежня 2023 года той жа суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.

Якія яшчэ гістарычныя кнігі пра Заходнюю Беларусь прызнавалі «экстрэмісцкімі»

У студзені 2023 года ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі кнігу «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 у дакументах беларускіх архіваў». Гэта зборнік дакументаў з беларускіх архіваў, якія распавядаюць пра падзеі верасня 1939 года, пра палітыку «першых Саветаў» у Заходняй Беларусі і пра адносіны людзей да гэтай палітыкі. Кніга выйшла ў 2021 годзе пры дапамозе Цэнтра польска-расійскага дыялогу і ўзаемапавагі.

Рэдакцыя Hrodna.life склала спіс кніг, якія забароненыя ў Беларусі. Пасля 2020 года ў краіне пад забарону і абмежаванні трапілі каля 20 кніг. Іх забаранялі за апісанне аднаполых адносін, па просьбе праўладных актывістаў і пасля прызнання экстрэмісцкімі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Дом быту ў Гродне прадалі на аўкцыёне з пятай спробы

Раней Дом быту на Замкавай, 4 спрабавалі прадаць ужо чатыры разы. У час аўкцыёну, які…

22 красавіка 2025

У гродзенскіх гатэлях амаль не засталося месцаў на травеньскія святы

У Threads беларус Дзяніс выказаў здзіўленне наконт таго, што ў гасцініцах і гатэлях Гродна ўсе…

22 красавіка 2025

Падключыся або зачыніся: у Гродне патрабуюць выконваць норму, якой няма ў законе

Уладальніцу гродзенскага бара аштрафавалі на 210 рублёў за парушэнне начнога рэжыму працы. Аднак у цэнтры…

22 красавіка 2025

У стогадовым доме на Горкага адкрылі «інстаграмную» кавярню

Новая ўстанова з'явілася ў старажытным доме на Горкага, 47А. Кавярня “Zолото” ужо працуе ў тэставым…

21 красавіка 2025

Прадаецца «Гарадзенская кавярня» на Маркса. Уладальнікі пераязджаюць

Уладальнікі "Гарадзенскай кавярні", якая знаходзіцца на вуліцы Маркса, 5, прадаюць установу і з'язджаюць з Гродна.…

21 красавіка 2025

На гродзенскіх пляжах ўсталююць відэакамеры. Што яшчэ новага рыхтуюць да пляжнага сезону?

Нагодай для гэтага стала абнаўленне гарадскіх пляжаў і неабходнасць абараніць іх ад вандалаў. Зараз на…

18 красавіка 2025