Навіны

Гродзенскі манастыр перадаў падарункі расійскім салдатам ва Украіну: сярод іх лісты дзяцей нядзельнай школы

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева прывезла салдатам расійскага боку на Данбас «літаратуру» ад «гродзенскага прыходу» і лісты ад дзяцей з Гродна. Паводле яе слоў, гэтую дапамогу РФ сабрала ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава), настаяцельніца жаночага Свята-Раства-Багародзіцкага манастыра ў Гродне.

Супрацоўніца беларускага дзяржтэлебачання Ксенія Лебедзева ў сваім канале апублікавала відэа, на якім яна перадае салдатам стос каробак. Паводле яе слоў, там слодычы і іншыя рэчы, якія «перадалі беларусы». Гэта прадукты, шакалад, генератар, абязбольвальныя, напісана ў пасце.

«Матушка Гаўрыіла і гродзенская парафія перадалі літаратуру, усё гэта сабрала Гродзенская вобласць», — кажа Лебедзева.

У руках яна трымае пачак лістоў - паводле яе слоў, ад дзяцей. Адзін з іх нібы пачынаецца словамі:

«Ты не муж мне, не брат, але сваякоў у сто разоў
Тых, каго называю „Сям'я“.
Ты не муж мне, не брат, ты — расійскі салдат».

Гэта пачатак верша «Ліст салдату», апублікаванага ў верасні 2022 года на сайце Стихи.ру пад аўтарствам Ксюшы Зарэцкай. На сайце liveinternet.ru у студзені 2024 года яно фігуруе ўжо як «Верш манахіні Феадосіі з Сольбінскага манастыра». Таксама яно сустракаецца без імя аўтара на розных расійскіх сайтах і «патрыятычных» пабліках.

Таксама Лебедзева паказвае малюнкі, якія, паводле яе слоў, намалявалі дзеці з Гродна. Яны павінны «папоўніць калекцыю» салдат. Дзеці - з нядзельнай школы, напісана ў пасце.

У руках у Лебедзевай быў і ліст ад самой Гаўрыілы ў мінімум двух экзэмплярах, раздрукаванае Евангелле, у пакеце — абразкі і абязбольвальныя. Апошнія салдат вельмі парадавалі.
У аддзяленні, куды прыехала Лебедзева, служыў беларус Сяргей Ланавенка. «Таму стараемся несці шэфства і дапамагаць, як можам», — сказала Лебедзева.

Усё сабрала Гродзенская вобласць?

Вядома, некаторыя беларускія манастыры перадаюць дапамогу салдатам РФ і актыўна падтрымліваюць Расію: гэта Свята-Елісавецінскі, Лаўрышаўскі і Жыровіцкі манастыры. Усе яны падпарадкоўваюцца Беларускай праваслаўнай царкве, якая, у сваю чаргу — Рускай праваслаўнай царкве.

Гаўрыіла — настаяцельніца манастыра, наўпрост падпарадкаванага асабіста Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Веніяміну, адзначае канал «Хрысціянская візія». Праз гэта манастыр непадсправаздачны мясцовым царкоўным уладам, гэта значыць Гродзенскай дыяцэзіі.

«Удзел Свята-Пакроўскага сабора — гэта ўжо новы ўзровень уцягнутасці структур БПЦ у падтрымку расійскага акупацыйнага войска. Калі дзеці, прыхаджане праваслаўнага храма, грамадзяне трэцяй краіны, рукамі настаўнікаў нядзельнай школы і іх „духоўных начальнікаў“ проста накіроўваюцца на шлях апраўдання захопніцкай вайны і сімпатыі да акупантаў», — лічаць аўтары канала.

Хто такая Гаўрыіла?

Ігумення Гаўрыіла (Марыя Мікалаеўна Глухава) нарадзілася ў Саратаве, скончыла школу ў Жыровічах, вучылася ў Ленінградзе. У 1988 годзе прыняла манаства, працавала ў Іерусаліме і Маскве, з 1992 года кіруе жаночым Свята-Раства-Багародзіцкім манастыром у Гродне.
Вядомая сваёй падтрымкай Лукашэнкі і прарасійскімі поглядамі і нянавісцю да ўсяго заходняга.

Асаблівую вядомасць ігумення Гаўрыіла набыла восенню 2020 года. Спачатку яна назвала пратэстоўцаў «раз'юшаным статкам», а затым прынесла ў падарунак гродзенскаму АМАПу і міліцыі торты. Пасле гэтага яе ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны, уручылі найвышэйшую жаночую узнагароду Рускай праваслаўнай царквы і нават занеслі ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. Гаўрыіла прапаноўвала забіраць у манастыр дзяцей, чые бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024