Ігумення Гаўрыіла, настаяцельніца Свята-Раства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродне, 10 лістапада наведала УУС аблвыканкама. Матушка Гаўрыіла прынесла сілавікам пачастунак і падзякавала ім за службу.
Настаяцельніца падзякавала дзеючым і былым супрацоўнікам за забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі жыхароў і гасцей Гродна, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама. Візіт адбыўся ў Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь.
— Дарагія мае, усе людзі ўдзячныя вам за тое, што вы мужна, цвёрда, шчыра, аддана любіце сваю Радзіму, — сказала матушка Гаўрыіла.
Якія б ні былі ў нас у краіне ўнутраныя супярэчнасці, а яны не могуць не быць, таму што ўсе людзі розныя, — усё гэта пройдзе. Бо нават у Святым Пісанні дапускаецца разнадумства, але толькі разумнае. Дзякуй вам, што вы ў нас ёсць і што можна да вас звярнуцца.
Больш за 1800 чалавек звярнуліся у следчыя органы па ўсёй Беларусі па фактах гвалту з боку сілавікоў падчас пратэстаў, звязаных з выбарамі 9 жніўня. Тры чалавекі загінулі. Некаторыя заяўнікі ўжо пачалі атрымліваць адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Паводле дадзеных праваабаронцаў зафіксавана больш за 500 выпадкаў катаванняў.
Ігумення нагадала прысутным, як важна не забываць звяртацца па дапамогу да Госпада, прасіць яго наставіць і захаваць. Ад імя сваіх вернікаў і большай часткі праваслаўнай Царквы ігумення Гаўрыіла выказала вялізную ўдзячнасць супрацоўнікам органаў унутраных спраў за іх нялёгкую працу ў гэты складаны час.
— Калі чуеце нейкія дакоры ў свой адрас, а яшчэ страшней — праклёны, не бойцеся, яны не закрануць вас, — паабяцала ігумення Гаўрыіла. — Не адказвайце. Вы ўсё роўна нічога не дакажаце — людзі, якія паддаліся заклікам Тэлеграм-каналаў, больш нікога не чуюць.
— Такі час настаў: абараняць сваю Радзіму не на словах, а рэальна, на справе, — наказвала матушка Гаўрыіла. — Беражы вас усіх Гасподзь!, — у заключэнне блаславіла яна прысутных.
Ігумення Гаўрыіла (Глухава) стала вядомая на ўсю Беларусь пасля свайго выступу на праўладным жаночым форуме ў Мінску 17 верасня. Са сцэны яна назвала пратэстуючых беларусаў вар’ятамі і «раз'юшаным статкам», параўнаўшы іх з сектантамі. Пасля наведвання Гродна Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам ігумення прабачылася перад усімі, каго абразіў або закрануў яе выступ.
У сярэдзіне кастрычніка УУС з тартамі ўжо наведвала група гродзенцаў, чтобы поблагодарить сотрудников за службу. Среди них была Светлана Вараніца, намстаршыні Гродзенскай абласной арганізацыі «Белай Русі».
Тады міліцыянты запэўнілі, што «будуць далей забяспечваць спакойную жыццё і грамадскі парадак на гродзенскай зямлі». Тарты тады спрабавалі замовіць у гродзенскай кандытарскай «Любовь Тортова», але там адмовіліся прыняць заказ. Навіна пра гэта трапіла ў сетку, і гродзенцы раскупілі там усе тарты і пірожныя.