У Гродне рыхтуюць да рэканструкцыі адміністрацыйны будынак на Замкавай, 7А, каля памятнага знака гродзенскаму гета.

Сам будынак не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, але размешчаны на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна (гісторыка-культурная каштоўнасць катэгорыі 1). Праз гэта забаронена неабгрунтавана змяняць характар ​​архітэктуры фасада будынка.

У час рэканструкцыі да будынка падвядуць інжынерныя сеткі - электрычнасць, ваду, каналізацыю, ацяпленне. У якасці альтэрнатывы для апалу прапануюць уладкаваць міні-кацельню на біямасе.

Тэрыторыю вакол азеляняць і пракладуць там дарожкі з цвёрдым пакрыццём.

Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уздзеянні рэканструкцыі на навакольнае асяроддзе (АУНА) пройдуць у красавіку-траўні 2024 года. У траўні-чэрвені 2024 года правядуць сход па абмеркаванні АУНА, дапрацуюць дакумент паводле заўваг і перададуць на дзяржаўную экспертызу. Рашэнне па рэканструкцыі прымуць у чэрвені-ліпені 2024 года.

Да нядаўняга часу там размяшчалася крама канцтавараў, да гэтага — крама падарункаў. Цяпер памяшканні пустуюць. Будынак належыць прадпрыемству «Контэ Інвест».

У ліпені 2022 года будынак выставілі на аўкцыён, каб рэканструяваць пад аб’ект грамадскага прызначэння ці жылы дом.