Выпіўшы жыхар Гродна спыніўся пагрэцца ля Вечнага агню ў парку Жылібера, а потым памачыўся на полымя. Гэта зафіксавала камера відэаназірання. Мужчыну судзілі паводле ч.1 арт. 339 КК («Хуліганства») 1 красавіка 2024 года ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яго пакаралі двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Абвінавачаны 2002 года нараджэння на судзе цалкам прызнаў віну і раскаяўся, паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага абласнога суда.
Уначы 22 студзеня 2024 года мужчына адзначаў Дзень нараджэння сябра ў арандаваным катэджы ў раёне стадыёна «Нёман» у Гродне. Кампанія выпівала, а каля паловы другой ночы малады чалавек пасварыўся з таварышамі і сышоў. У стане моцнага ап’янення ён дайшоў да Брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера, дзе і здзейсніў хуліганства.
Прыгавор суда не ўступіў у законную сілу. Бакі могуць яго абскардзіць і апратэставаць.
Чытайце таксама: Падлеткі залілі вечны агонь у Гродне