Праўладная актывістка Вольга Бондарава прапанавала паставіць у Беларусі помнік Іосіфу Сталіну. Такую ідэю яна агучыла ў адказ на прапановы дэпутата Аляксандра Шпакоўскага ўсталяваць у Мінску помнік савецкаму маршалу Канстанціну Ракасоўскаму.
«Да 80-годдзя Перамогі нам патрэбны помнік Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну — генералісімусу, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, без мудрасці якога не было б гэтай Вялікай Перамогі. Нас бы з вамі не было. Ракасоўскі — гэта выдатна. Але падніміце, паважаны таварыш Шпакоўскі, у парламенце пытанне аб усталяванні помніка Сталіну», — напісала Бондарава ў сваім Telegram-канале.
Бондарава пра гісторыю Заходняй Беларусі: «Воляй Сталіна вызвалілі з-пад польскага прыгнёту»
Таксама актывістка лічыць, што асоба Сталіна павінна быць увекавечана ў тапаніміцы не толькі Мінска, але і ва ўсіх беларускіх гарадах, «особенно городов Западной Белоруссии». Бо, на яе думку, у 1939 годзе гэтую тэрыторыю «воляй Сталіна вызвалілі з-пад польскага прыгнёту і прымусовай асіміляцыі, якую праводзіў Пілсудскі» [у 1939 годзе Пілсудскі быў ужо чатыры гады як памерлы — Hrodna.life]. Менавіта Сталіна Бондарава лічыць «стваральнікам беларускай дзяржаўнасці».
Праўладны палітолаг Аляксей Дзермант прытрымліваецца падобнай думкі. Ён лічыць, што Сталіна варта ўвекавечыць ў манументах на вуліцах беларускіх гарадоў тройчы:
- «За ролю ў стварэнні савецкай беларускай дзяржаўнасці»;
- «За ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі»;
- «За агульнае кіраўніцтва СССР падчас вайны і ўласны ўклад ў перамогу».
Чытайце таксама: Палітычная кар’ера не ўдалася. На выбарах Бондарава прайграла ідэолагу спецназа
Вуліцы Сталіна ў Гродне ніколі не было
У Гродне вуліцы альбо праспекта Сталіна ніколі не было. Але помнікі «правадыру» былі па ўсім горадзе. Яны стаялі на Прывакзальнай і Савецкай плошчах, у парку Жылібера, у скверы на вуліцы Савецкай, на скрыжыванні вуліц Леніна і Будзёнага.
Помнікі ўсталёўвалі на прадпрыемствах, напрыклад, перад тэкстыльным камбінатам. Бюсты Сталіна былі ў музеі, бібліятэцы, а таксама некаторых школах. Выява генералісімуса была і на франтоне Новага замка, дзе ў той час размяшчаўся абкам камуністычнай партыі.
Помнікі дэмантавалі пасля XXII з’езду Камуністычнай партыі. На ім было вырашана ўзмацніць меры па барацьбе з культам асобы Сталіна.
Чытайце таксама: Як знікалі правадыры: 55 гадоў таму ў Гродне пачалі знішчаць Сталінаў