У Гродзенскай вобласці працуе 114 вайскова-патрыятычных клубаў для школьнікаў. Іх наведвае больш за 2000 дзяцей, паведаміла БелТА.

На Гродзеншчыне стварылі ўжо больш за 100 вайскова-патрыятычных клубаў. Дзе іх больш за ўсё?
Вайскова-патрыятычны клуб “Цыркон”. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: grodnonews.by

Самая вялікая колькасць клубаў у Кастрычніцкім раёне Гродна – 23, а таксама ў Смаргонскім раёне – 14. Падобныя клубы працягваюць ствараць: зараз у планах арганізаваць клуб на базе Гродзенскай пагранічнай групы.

У Гродне працуюць вайскова-патрыятычныя клубы:

  • клуб “Цыркон” на базе вайсковай часткі 5522;
  • клуб “Кронан” на базе МНС;
  • клуб “Фаварыт” у сярэдняй школе №28 імя Сакалоўскага;
  • клуб “Дорожим Отечеством” у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Прамень”.

Таксама ў горадзе стварылі гарадскі цэнтр патрыятычнага выхавання.

Агулам у школах і ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Гродзенскім рэгіёне стварылі амаль 350 аб’яднанняў вайскова-патрыятычнага профілю. Іх наведваюць больш за 4,5 тысячы дзяцей. 

Чытайце таксама: У 2020-м разганялі пратэсты, а зараз будуць вучыць дзяцей: у Гродне стварылі вайскова-патрыятычны клуб

Раней вайскова-патрыятычны клубы развівалі праваслаўныя

Пры Уладзімірскай царкве ў Гродне ў 2003 годзе быў створаны праваслаўны вайскова-патрыятычны клуб «Витязь». Яго арганізатарам і кіраўніком быў святар Аркадзь Касьяненка. У 2007 годзе ў Шчучыне пры падтрымцы райвыканкама і інспекцыі па справах непаўнагадовых стварылі клуб «Дружына». Яго кіраўніком быў святар Яўген Павельчук.

Далей дзейнасць Павельчука пашырылася. У 2009 годзе ён арганізаваў на базе школы № 37 у Гродне клуб «Славяне». У 2011 годзе ў школе № 19 у Ласосне быў створаны клуб «Воевода», а ў Верцялішках — «Белая Русь».

У клубах дзяцей вучылі карыстацца зброяй, адбываліся заняткі па рукапашным баі і фізічнай падрыхтоўцы. Штолета праходзілі летнія лагерныя зборы клубаў. На зборах адбывалася здача на чорны берэт.

У 2015 годзе «Наша Ніва» апублікавала расследаванне, дзе выкрывала сувязь гэтых клубаў з прарасійскімі актывістамі, «казакамі» ды дзейснымі супрацоўнікамі міліцыі. Паводле інфармацыі «Белсат», праз некалькі год пасля гучных публікацый клубы згарнулі дзейнасць.