Гродзенскі бас-гітарыст і ўдзельнік панк-гурта Dzieciuki Андрэй (Пітон) Пятко зламаў ногі ў Польшчы. Яму збіраюць грошы на аплату рахункаў са шпіталя, а таксама на рэабілітацыю. Пра гэта расказалі на старонцы гурта ў Facebook.
«Сябры! Як многія ўжо ведаюць, наш Пітоша патрапіў у бяду. У выніку выпадку яму не пашанцавала зламаць абедзве нагі. Зразумела, у бліжэйшы час ён не зможа вярнуцца да працы, а рахункі са шпіталю, як і рэабілітацыю, трэба аплаціць. Мы ніколі не хавалі, што працуем на звычайных працах ды не валодаем мільёнамі. Таму вымушаны звярнуцца да вас», — напісалі музыкі гурта Dzieciuki.
Што адбылося з музыкам
Здарэнне адбылося ў лесе падчас шпацыра. Музыка спатыкнуўся, упаў у роў з адхону і страціў прытомнасць. Яго знайшлі мясцовыя жыхары, якія выклікалі хуткую дапамогу. Андрэя шпіталізавалі і дыягнаставалі пералом абедзюх ног, паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на гурт Dzieciuki.
Паводле інфармацыі Hrodna.life, апошні час музыка працаваў у польскім горадзе Лодзь. Пра здарэнне стала вядома ў 15 сакавіка 2024 года, калі музыка перастаў выходзіць на сувязь.
Як дапамагчы «Пітону»?
Дапамагчы музыку можна праз BLIK-перавод (сістэма для кліентаў польскіх банкаў) па нумары +48 577 670 081. У каментарах да пераводу трэба пазначыць «Для Пітона». Калі пасля збору застануцца лішкі грошай, музыкі абяцаюць, што яны пойдуць на дабрачыннасць.
Таксама грошы можна пералічыць на рахунак:
- Рахунак: 75 102 049 000 000 893 740 908 544
- IBAN: PL75102049000000890233759939
- Гаманец PayPal: timmyfoox@gmail.com
Чытайце таксама: Фронтмэн гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў: «Мы мусім быць цікавымі не толькі беларусам, каб не ператварыцца ў беларускае гета»
Басіст — не адзіны ў гурце са зламанай нагой
Андрэй Пятко — не адзіны траўмаваны музыка ў гурце. У пачатку 2024 года зламаў нагу гітарыст гурта Аляксей Пудзін. Ён зараз перасоўваецца на мыліцах і бліжэйшы канцэрт у Варшаве, які будзе прысвечаны Дню Волі, ён будзе граць седзячы. Басісту плануюць знайсці замену.