Падчас Фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў Гродне з 7 па 9 чэрвеня 2024 года, адсвяткуюць 200-годдзе Аўгустоўскага канала. Для турыстаў рыхтуюць фішкі і паляпшаюць інфраструктуру, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».
Абновяць тэксты экскурсій і атэстуюць экскурсаводаў
Святкаванне 200-гадовага юбілею канала адбудзецца 9 чэрвеня 2024 года.
«Адбываецца шэраг мерапрыемстваў па паляпшэнні інфраструктуры Аўгустоўскага канала, падрыхтоўка да турыстычнага сезона. Шэраг праектаў і фішак у нас плануецца, каб прадставіць іх нашым турыстам. Плануецца да гэтай даты абнавіць усе тэксты экскурсій па Аўгустоўскім канале, атэставаць акрэсленую колькасць экскурсаводаў для правядзення экскурсій па Аўгустоўскім канале», — сказала намесніца кіраўніка Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Чытайце таксама: Чаму кароль Карл III быў бы добрым госцем на 200-годдзе канала?
Таксама да юбілею рыхтуюць юбілейныя паштоўкі. У палацава-паркавым комплексе Свяцк плануюць арганізаваць міжнародныя канферэнцыі.
Аўгустоўскі канал — помнік гідратэхнічнага дойлідства XIX стагоддзя. Складаецца з шэрагу шлюзаў і развадных мастоў. Канал судаходны і злучае рэкі Нёман і Віслу праз рэкі Бебжу, Нетту і Чорную Ганьчу. Яго даўжыня больш за 100 км (22 на тэрыторыі Беларусі і каля 79 у Польшчы). Размяшчаецца ў асабліва ахоўваемай зоне ЮНЭСКА.
Праплыць усю даўжыню канала зараз немагчыма
З кастрычніка 2016 года замежныя турысты маюць магчымасць наведаць канал без візы. Традыцыйна больш за ўсё наведвальнікаў на канале было падчас фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народа», а таксама веламарафону «Суседзі».
У сакавіку 2020 года з-за каранавіруса Польшча закрыла памежны пункт пропуска Рудаўка-Лясная. Гэта водна-роварна-пешаходны пункт, які размяшчаецца наўпрост на Аўгустоўскім канале. Дзякуючы яму турысты мелі магчымасць сплаўляцца па канале з Польшчы ў Беларусь, а далей па Нёмане ў Літву, і ў адваротным кірунку.