На Фолюшы ў Гродне таксама зносяць былыя вайсковыя будынкі. Там ідзе будаўніцтва новага мікрараёна высотак. 1 сакавіка знеслі будынак па адрасе Яснапольская, 1 (былы адрас Фолюш, 15/83), суседні з ім дэмантавалі год таму.



Двухпавярховы будынак з былым адрасам Фолюш, 15/84 — побач з нядаўна знесеным, насупраць старога КПП вайсковай часткі - знеслі яшчэ ў студзені 2023 года. Але яе дакладна не было ў праекце мікрараёна, адзначае Telegram-канал Urban Hrodna. Паводле першага праекта, знесены 1 сакавіка будынак па Яснапольскай, 1, мусіў захавацца. У пазнейшых апублікаваных праектах на гэтым месцы таксама бачны будынак, які супадае формай і размяшчэннем.



Пра знос на Фолюшы таксама паведамлялі чытачы Hrodna.life — і хваляваліся, ці не знішчаць іншыя казармы, якія першапачаткова планавалі захаваць. «Гэтая казарма павінна была застацца, але па нейкіх прычынах была знесена на днях. Выходзіць, што праект Фолюша — гэта чарговая хлусня», — пісаў чытач.
Глядзіце таксама: Як выглядала вайсковая частка да пачатку працаў
Пры планаванні новага мікрараёна на Фолюшы на месцы былой вайсковай часткі № 15 12 будынкаў вырашылі не зносіць, а перарабіць на аб’екты грамадскага прызначэння. Гэта дазволіла б захаваць і старыя дрэвы побач — паводле планаў гарадскіх уладаў, раён мусіў быць максімальна зялёным, з «санаторнай атмасферай». Будынкі насупраць знесенага шмат разоў спрабавалі прадаць з аўкцыёна, нават за 1 базавую, прадавалі і будынкі 1917 г. п. Знесены будынак намагаліся прадаць яшчэ ў 2009 г., але за апошнія гады інфармацыі па продажу не знайшлося.


Час пабудовы абодвух знесеных будынкаў - 1950 гг. Яны не мелі гістарычнай каштоўнасці, але маглі б быць захаваныя як прыклад архітэктуры таго часу, мяркуюць аўтары Urban Hrodna.