У Гродзенскую вобласць у 2023 годзе прыцягнулі амаль $ 294 млн замежных інвестыцый. Паказчык вырас упершыню за чатыры гады. Але нават з улікам росту інвестыцый менш, чым было 10 гадоў таму. І гэта без папраўкі на інфляцыю.

Якія краіны інвеставалі ў Гродзенскую вобласць у 2023
Дадзеныя пра замежныя інвестыцыі апублікавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці.
Асноўныя інвестыцыі ў Гродзенскую вобласць у 2023 годзе паступалі з гэтых краін:
- Кіпр – 36,2% ад усіх інвестыцый,
- Расія – 22,9%,
- Нідэрланды – 10,8%,
- Аўстрыя – 7,5%,
- Фінляндыя – 6,8%,
- Польшча – 6,7%.
Большая частка інвестыцый – 82,7% (амаль $ 243 млн) – прамыя замежныя інвестыцыі.
Чытайце таксама: Буйны завод у Смаргоні, які шмат гадоў забруджваў навакольнае асяроддзе, змяніў уласніка
Колькі вобласць інвеставала за мяжу
З Гродзенскай вобласці арганізацыі накіравалі за мяжу $ 96,8 млн інвестыцый. Асноўную іх частку накіравалі ў Расію – 86,4%, у Літву – 6,2%, Казахстан – 3,6% і ва Узбекістан – 2,3%. Прамыя інвестыцыі склалі 83,6%.
Папярэднія гады сума інвестыцый змяншалася
Аб’ём інвестыцый змяншаўся з 2020 года. У 2019 годзе ён дасягнуў максімуму — $ 438,5 млн, а далей пачаў падаць: у 2020 — 430,1 млн, у 2021 — 258 млн, у 2022 — 225 млн.
Тады асноўнымі інвестарамі былі арганізацыі з Аўстрыі, Кіпра, Літвы і Польшчы.
Чытайце таксама: Замежныя інвестыцыі ў Гродзенскую вобласць падаюць трэці год запар


