Гродзенскую вобласць у 2023 годзе наведала больш за 1 млн беларускіх і замежных турыстаў і экскурсантаў. Паводле чыноўнікаў турыстычнай галіны, гэта рэкордная лічба, паведаміў тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».
Больш за ўсё турыстаў - з Расіі
Расіяне склалі 80% ад усёй колькасці замежных турыстаў, якія затрымліваліся ў Гродне як мінімум на адзін дзень. Агулам хаця б з адным начлегам рэгіён наведалі прыкладна 600 тыс. чалавек, а колькасць экскурсантаў была больш за 1 млн.
У гатэлях спыняюцца пераважна беларусы
У 2023 годзе ў вобласці працавала 63 гатэлі і аналагічных сродкаў размяшчэння турыстаў. Іх паслугамі скарысталіся 180 тыс. чалавек. Большасць кліентаў гасцініц — амаль 132 тыс. чалавек — грамадзяне Беларусі.
Што, акрамя Гродна, прываблівае турыстаў
Акрамя Гродна, турысты наведваюць Навагрудак і Ліду. Таксама папулярныя накірункі - Астравецкі і Смаргонскі раёны, аб’екты рэлігійнага турызму ў Слонімскім і Зэльвенскім раёнах.
«Апошнім часам набіраюць папулярнасць падарожжы ў Ваўкавыскі раён», — сказала намесніца кіраўніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева.
Летась у Гродзенскай вобласці адкрылі 11 турысцка-інфармацыйных цэнтраў. У 2024 годзе плануюць адкрыць яшчэ тры, у тым ліку ў Гродне.
Статыстыка турфірм: больш вывозілі за мяжу беларусаў, чым прывозілі замежнікаў
У канцы 2023 года ў Гродзенскай вобласці турыстычнай дзейнасцю займалася 78 арганізацый. Праз іх паслугі выязджала за мяжу 16,9 тыс. беларусаў. Сярэдняя працягласць побыту беларускіх турыстаў за мяжой — восем дзён.
Гэтыя ж турыстычныя арганізацыі абслужылі 5,5 тыс. замежных турыстаў. У сярэднім яны прыязджалі на тры дні.
Чытайце таксама: Каранік расказаў, што турыстаў на Гродзеншчыне стала ў 10 разоў больш. Але з лічбамі нешта не так
Колькасць турыстаў расце пасля пандэмійных гадоў
У ліпені і жніўні 2022 у Гродна ўпершыню пасля пандэміі хлынулі плыні турыстаў. Асноўнымі гасцямі ў 2022 годзе былі расіяне і ўнутраныя беларускія турысты. Для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы ўвялі новы, яшчэ больш просты спосаб прыехаць без візы, але іх было выразна менш. Агулам у 2022 годзе ў Гродна прыехала больш за 50 тыс. турыстаў.
Горад тады аказаўся не гатовы да турыстычнага буму. У летнія месяцы ў гродзенскіх гасцініцах не было месцаў, не хапала экскурсаводаў, а ў Стары замак не было квіткоў.